Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фавары́т, ‑а, М ‑рыце, м.

1. Любімец важнай уплывовай асобы, пратэкцыю якой ён выкарыстоўвае для сваёй выгады. Адсекшы галаву каралеўскаму фаварыту і інтрыгану, паўстанцы пасадзілі яе на піку і паехалі па ваколіцах Гродні, Слоніма, Мінска вербаваць аднадумцаў. «Полымя». // Уст. Любоўнік знатнай жанчыны. // Той, каму аддаюць перавагу, кім цікавяцца больш за іншых; улюбёнец каго‑н. Фаварыт публікі.

2. У спорце — той, хто мае найбольшыя шансы на першынство (звычайна пра коней). Рысак-фаварыт атрымаў першы прыз.

[Іт. favorito ад лац. favor — прыхільнасць.]

фавары́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да фаварыт.

фаварыты́зм, ‑у, м.

Становішча, пры якім усё абумоўлена роляю, уплывам фаварытаў (у 1 знач.); вылучэнне, падтрымка фаварытаў. У тэатрах панаваў фаварытызм.

[Фр. favoritosme.]

фаверо́ль, ‑і, ж.

Французская парода мясных курэй. // Курыца такой пароды.

[Ад геагр. назвы.]

фаво́р, ‑у, м.

Кніжн. Прыхільныя адносіны знатнай асобы да каго‑н. Усіх дзівіла, што .. [Загорскі] нічога не атрымаў за той фавор. Гэта было дзіўна, бо ўсе памяталі вочы імператрыцы, якімі яна глядзела на яго пры развітанні. Караткевіч.

•••

У фаворы ў каго — пад апекай, заступніцтвам каго‑н. (быць, аказацца і пад.).

[Лац. favor — прыхільнасць.]