фа́за, ‑ы, ж.
1. Перыяд, стадыя, этап у развіцці якой‑н. з’явы, працэсу і пад. К. Маркс у сваёй рабоце «Крытыка Гоцкай праграмы» ўпершыню ў гісторыі сфармуляваў навуковыя палажэнні аб дзвюх фазах развіцця камуністычнага грамадства. Лушчыцкі. Следства, як відаць, зацягвалася на доўгі час, яно як бы набывала кабінетную фазу. Чорны. // У біялогіі — пэўны этап у індывідуальным развіцці арганізма. Фазы спеласці збожжа. Фаза цвіцення расліны.
2. Спец. Пэўны момант у змене формы ці стану чаго‑н. Фазы месяца.
3. У хіміі — аднародная частка якой‑н. неаднароднай сістэмы. Фазы сплаву.
4. У геалогіі — найменшая адзінка часу, якой адпавядае пэўны характар парод.
5. У фізіцы — велічыня, якая характарызуе стан хістальнага працэсу ў кожны момант часу.
6. У электратэхніцы — асобная група абмотак генератара, а таксама далучаны да яе провад, па якім ідзе электрычны ток.
[Ад грэч. phasis — з’яўленне.]
фаза...
Першая састаўная частка складаных слоў-тэрмінаў, якая адпавядае па значэнню слову «фазавы», напрыклад: фазарэгулятар, фазакампенсатар, фазаіндыкатар.
фа́завы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да фазы (у 2, 3 знач.). Фазавая скорасць. Фазавы пераход.
фаза́н, ‑а, м.
Вялікая птушка сямейства фазанавых з яркім апярэннем. Як заўважыў Томі,.. [дзядзька Морыс] прыйшоў толькі пад самую раніцу і прынёс трох залацістых фазанаў. Лынькоў. Фазан пад ранішняй зарою стаў, Прымерыўся з ёй радугай хваста. Калачынскі.
фаза́навы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фазана. Фазанавае апярэнне.
2. у знач. наз. фаза́навыя, ‑ых. Сямейства птушак атрада курыных, куды ўваходзіць фазан, перапёлка, паўлін і інш.
фаза́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Самка фазана.
фазатро́н, ‑а, м.
Адзін з відаў устаповак для паскарэння руху зараджаных часціц (ужываюцца для даследаванняў у галіне фізікі атамнага ядра).
[Ад грэч. phasis — з’яўленне і слова (элек)трон.]
фа́зіс, ‑у, м.
Кніжн. Тое, што і фаза (у 1 знач.).
фа́зны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фазы (у 5 знач.). Фазная ізаляцыя.
фазо́метр, ‑а, м.
Прыбор для вымярэння рознасці фаз паміж напружаннем і токам у ланцугах пераменнага току прамысловай частаты, рознасці фаз электрычных сігналаў у радыётэхнічнай апаратуры.