фа́ра, ‑ы, ж.
Спецыяльны ліхтар з рэфлектарам на аўтамабілі, трактары і пад. для асвятлення шляху. Жаўтавата-белы сноп святла ад фары разразаў лёгкую шэрань ліпеньскай ночы, выхопліваў з яе прысады. Асіпенка.
[Фр. phare.]
фара́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Адзінка вымярэння электрычнай ёмістасці.
[Ад уласн. імя.]
фарадыза́цыя, ‑і, ж.
Спец. Прымяненне пераменнага току нізкай частаты ў лячэбных і дыягнастычных мэтах.
фарады́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фарады.
фарандо́ла, ‑ы. ж.
Старадаўні правансальскі народны танец.
[Фр. farandole.]
фарао́н, ‑а, м.
1. Старажытнаегіпецкі цар. Узняліся ўгару тэрыконы, Шмат вышэйшыя, чым піраміды, Збудаваныя пры фараонах. Аўрамчык.
2. Разм. Зневажальная клічка паліцэйскага. — Аднак жа ты малайчына, Баляр’ян! — сказаў пасля Андрэй Міхайлавіч. — ..Я тут рады не даў бы! Толькі падвёў бы гэтага хлапца да фараонаў і ўсё. Самуйлёнак.
3. Старадаўняя азартная гульня ў карты. [Загорскі:] — Вось бачыце, генерал, як можна звяртаць увагу на данос без подпісу... Дый наогул, што гаварыць аб гэтым... Давайце лепей у фараон перакінемся. Караткевіч.
[Грэч. pharaon.]
фарао́наўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фараона (у 1, 2 знач.).
фа́рба, ‑ы, ж.
1. Рэчыва, што надае той ці іншы колер прадметам, якія яно пакрывае або пасылае. На моцных «пульманах» У фарбе свежай Мільгаюць самазвалы, Трактары. Астрэйка. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбай. Шамякін. [Данік] кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай... Брыль. // Слой такога рэчыва на якім‑н. прадмеце. Насупраць вялікага дома Крушынскіх, стаяла сіняя драўляная хатка. З-пад фарбы на сценах, якая вісела шматкамі, выступала шараватае дрэва. Бядуля. // Разм. Памада, туш і інш. касметычныя сродкі. Нават губы, асіметрычна скрыўленыя, густа намазаныя яркай фіялетавай фарбай, не парушалі прыемнага ўражання. Шыцік. [Дзяўчына] плакала і разам са слязамі абцірала з твару сляды фарбы. Мікуліч.
2. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў). Барва, колер, тон. Цьмянасцю пакрываліся ўсе яркія шматкаляровыя фарбы асенняй прыроды... Краўчанка. Фарбы неба і вады мяняліся кожную хвіліну, і было ад гэтай прыгажосці чамусьці сумна. Адамовіч. За акном набірала фарбы вераснёвая раніца. Карпаў.
3. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў); перан. Выразныя сродкі мовы, музыкі, сцэнічнага мастацтва і пад.; яркасць апісання ўяўленняў. Багдановіч.. узбагаціў беларускую паэзію новымі матывамі і фарбамі. Гіст. бел. сав. літ. Мікіта падрабязна расказаў пра ўсе затонскія падзеі, не пашкадаваў фарбаў, каб абмаляваць Чыкілевіча і ўсе яго махінацыі. Колас.
4. Румянец; прыліў крыві. На.. твары [Рыгора] грала чырвоная фарба здароўя. Гартны. Гарачая фарба заліла твар дзяўчыны. Бажко. Раптам твар .. [Лены] пачаў траціць сваю фарбу. Ваданосаў.
•••
Згусціць фарбы гл. згусціць.
[Ням. Farbe — фарба.]
фарбава́льнік, ‑а, м.
Рэчыва, якое выкарыстоўваецца для фарбавання. Арганічныя фарбавальнікі. Штучныя фарбавальнікі.
фарбава́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фарбавання. Фарбавальны цэх. // Прызначаны для фарбавання. Фарбавальная машына.
2. Які мае ў сваім складзе фарбу, служыць для афарбоўвання. Фарбавальнае рэчыва. Фарбавальныя расліны.