Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фака́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фокуса ​1. Факальная лінія.

фа́кел, ‑а, м.

1. Свяцільня, звычайна ў выглядзе палкі з наматаным на канцы прасмоленым пакуллем. Мама ўжо хацела бегчы да рыбакоў, каб шукаць [Рыму] з факеламі на рэчцы, але тут адчыніліся дзверы і на парозе паказалася Палагея Аляксандраўна. Васілеўская. Чалавек дзесяць немцаў мітусіліся каля хат, з бутэлькамі і палаючымі факеламі ў руках. Якімовіч.

2. перан. Пра таго, хто (або тое, што) нясе веды, свабоду, ісціну і пад. Нязгасным полымем гарыць у руках чалавека-творцы факел ведаў, запалены Праметэем. «Маладосць».

3. Спец. Конусападобнае полымя, а таксама струмень газу або вадкасці, якія маюць выгляд конуса. Са знешніх самых эфектыўных прыкмет промысла — факел над зялёным жытам: спальваецца газ, які аддзяліўся ад нафты. Шамякін.

4. У астраноміі — светлыя, няправільнай формы плямы на паверхні Сонца.

[Ням. Fackel.]

факелано́сец, ‑сца, м.

Спец. Спартсмен, які нясе факел пры адкрыцці алімпіяды.

фа́кельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да факела. Факельнае полымя. // З факелам (факеламі). Моладзь наладзіла факельнае шэсце да Дзвіны. Хадкевіч.

фа́кельшчык, ‑а, м.

1. Той, хто нясе факел у час шэсця, працэсіі.

2. Той, хто падпальвае што‑н. пры дапамозе факела. Ягор ведаў прыёмы гітлераўскіх факельшчыкаў: абліць сцены газай і на хаду падпаліць. Кавалёў. // перан. Той, хто падбухторвае на вайну. Факельшчыкі вайны.

фа́кельшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да факельшчык.

факі́р, ‑а, м.

1. Мусульманскі вандроўны манах, які даў абяцанне жабраваць; дэрвіш.

2. Еўрапейская назва вандроўных фокуснікаў, якія дэманструюць розныя цуды.

[Араб. fagīr — бядняк, жабрак.]

факі́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да факіра; уласцівы факіру.

факі́рства, ‑а, н.

Дзейнасць факіра.

факсі́міле,

1. нескл., н. Дакладнае ўзнаўленне рукапісу, дакумента, подпісу і пад. пры дапамозе фотамеханічнай рэпрадукцыі.

2. нескл., н. Клішэ, пячатка з чыім‑н. подпісам.

3. у знач. нескл. прым. і прысл. Дакладна ўзноўлены, у дакладнай рэпрадукцыі. Подпіс факсіміле. Выдаць рукапіс факсіміле.

[Ад лац. fac simile — рабі падобнае.]