Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фамі́лія, ‑і, ж.

1. Род, шэраг пакаленняў, якія маюць аднаго продка. Старасвецкі панскі палац, старое гняздо радавітай польскай фаміліі, утуліўшы ў полаг цемры сваю вежу, панура вырысоўваецца на фоне цёмнага неба. Колас.

2. Уст. Сям’я, члены сям’і. Жыла пад гэту пару ў Сіўцы адна досыць цікавая фамілія. Зарэцкі. — І вось я пытаюся ў вас, — у голасе [Гелены] была відавочная пагроза, — ці сапраўды вы вырашылі назаўсёды парваць усе сувязі з гэтай фаміліяй. Караткевіч.

3. У Старажытным Рыме — сям’я разам з рабамі і кліентамі (у 1 знач.).

[Лац. familia.]

фамі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фаміліі (у 1 знач.). Фамільны герб. □ Стаялі пышныя мармуровыя фамільныя скляпы. С. Александровіч. Размяшчаўся фамільны дом Міцкевічаў сярод шчыльнай гарадской забудовы. «Помнікі».

2. Які пераходзіць з роду ў род. [Гальвас:] Я не маю з чаго і дня пражыць. Праўда, ёсць фамільнае золата, але яго.. мала. Чорны. // Які належыць фаміліі (у 1 знач.), характэрны для яе. Фамільныя партрэты.

фамілья́рнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць фамільярнага. Фамільярнасць тону. □ [Санкоўскі] балагурыў, шпаркімі крокамі хадзіў па хаце, з павагай і адначасова з фамільярнасцю звяртаючыся да Паддубнага. Пестрак.

2. Фамільярнае абыходжанне з кім‑н.; фамільярныя ўчынкі, паводзіны. [Сяржант] ніколі не дазваляў сабе фамільярнасці ў адносінах з курсантамі. Шамякін.

фамілья́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., з кім і без дап.

Разм. Фамільярна паводзіць сябе. [Аляксей:] — Браты — братамі, а ку мам фамільярнічаць ніяк не [прынята]... Ракітны.

фамілья́рны, ‑ая, ‑ае.

Развязны; бесцырымонны. Трэба думаць, фамільярнае «ты» было адной з рыс напускной грубасці маладога яшчэ работніка. Шынклер. Лазарэвіча спярша шакіравалі і фамільярныя адносіны да яго гэтай прыгожай жанчыны і яе ледзь не блатняцкі тон. Паслядовіч. // Такі, якому ўласціва развязнае, бесцырымоннае абыходжанне з кім‑н. З вышэйстаячымі.. [Чычыкаў] гаворыць ліслівай, угодлівай мовай, з ніжэйшымі ён фамільярны. «Полымя».

[Лац. familiaris — сямейны, блізкі.]