Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фат, ‑а, М фаце, м.

1. Самаздаволены франт, фарсун, які любіць рысавацца, пазіраваць; пусты, пошлы чалавек. Чужы грамадству мот і фат, Уцех жыццёвых знаўца — Ну што яму там да брыгад Камуністычнай працы. Звонак.

2. Уст. Роля палюбоўніка-пазёра ў тэатральнай п’есе, а таксама акцёр, які іграе гэтую ролю.

[Фр. fat ад лац. fatuus — дурны.]

фата́, ‑ы, ДМ фаце, ж.

Галаўны ўбор нявесты: лёгкае белае пакрывала з кісяі або карунак. Надзявала [Манька] белую баціставую сукенку з ружоваю стужкаю ў поясе, вянок з фатою. Крапіва.

[Цюрк.]

фатава́тасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць фатаватага.

фатава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Схільны да фатаўства. // Які выражае фатаўство. Фатаваты выгляд.

фатаграфава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фатаграфаваць.

фатаграфава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад фатаграфаваць.

фатаграфава́цца, ‑фуюся, ‑фуешся, ‑фуецца; незак.

1. Разм. Адлюстроўвацца на фатаграфіі (у 2 знач.). Дзе яны [хлопцы] узялі фота — не мог даўмецца я. Нарэшце, здагадаўся: мусіць, узялі ў таго фатографа, перад апаратам якога мы садзіліся па чарзе фатаграфавацца для альбомаў. Сабаленка.

2. Зал. да фатаграфаваць.

фатаграфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак., каго-што.

Адлюстроўваць на фотаплёнцы, на фатаграфіі. І ўсё ж шмат было незразумелага, і гэта трывожыла Сяргея. Для чаго яго фатаграфавалі з аўчаркай? Шахавец. Як толькі званы заціхлі, турысты хапіліся за свае фотаапараты, пачалі фатаграфаваць званіцу, уваход у храм, дворык. Краўчанка. // перан. Вельмі дакладна, натуралістычна перадаваць, капіраваць што‑н. (у мастацкай творчасці).

фатаграфі́зм, ‑у, м.

Вельмі дакладная, літаральная перадача каго‑, чаго‑н. у мастацкай творчасці з празмернай дэталізацыяй без абагульнення. Элементы фатаграфізму ў графіцы.

фатаграфі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць фатаграфічнага.