фа́за, ‑ы, ж.

1. Перыяд, стадыя, этап у развіцці якой‑н. з’явы, працэсу і пад. К. Маркс у сваёй рабоце «Крытыка Гоцкай праграмы» ўпершыню ў гісторыі сфармуляваў навуковыя палажэнні аб дзвюх фазах развіцця камуністычнага грамадства. Лушчыцкі. Следства, як відаць, зацягвалася на доўгі час, яно як бы набывала кабінетную фазу. Чорны. // У біялогіі — пэўны этап у індывідуальным развіцці арганізма. Фазы спеласці збожжа. Фаза цвіцення расліны.

2. Спец. Пэўны момант у змене формы ці стану чаго‑н. Фазы месяца.

3. У хіміі — аднародная частка якой‑н. неаднароднай сістэмы. Фазы сплаву.

4. У геалогіі — найменшая адзінка часу, якой адпавядае пэўны характар парод.

5. У фізіцы — велічыня, якая характарызуе стан хістальнага працэсу ў кожны момант часу.

6. У электратэхніцы — асобная група абмотак генератара, а таксама далучаны да яе провад, па якім ідзе электрычны ток.

[Ад грэч. phasis — з’яўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)