фанта́зія, ‑і, ж.

1. Творчае ўяўленне. Паэтычная фантазія. Узлёт фантазіі. □ У пані Даміцэлі была багатая фантазія, і сваё даўнейшае жыццё ў Польшчы яна шчодра аздабляла паэтычнымі выдумкамі. Колас. Апора на народную традыцыю не азначае, што паэт абмяжоўвае ўласную, індывідуальную творчую фантазію. Навуменка. Народная фантазія акружыла паэтычнай выдумкай паходжанне скалы, што тырчыць з вады, пры выхадзе Ангары з Байкала. М. Стральцоў. // Выдумка, вынаходлівасць. [Алег:] — Дэкарацыя, касцюмы. Там [у спектаклі] шмат фантазіі, выдумкі. Ермаловіч. Малады запал знаходзіў выхад у размашыста накіданых фрэсках, вясёлкавых вітражах, з фантазіяй убранай зале. Ліс.

2. Прадукт чыйго‑н. уяўлення; мара. Спачатку гэта [скараціць рабочы дзень] здалося нават фантазіяй. Карпаў. Гэта не фантазія, а наша новая ява, рэчаіснасць нашага часу. Бялевіч. // Нешта неверагоднае, глупства. [Міхась:] — У рэстаран ты мяне ўсё роўна не пусціш.. [Стэфа:] — Я пушчу цябе ў інстытут! [Міхась:] — Усё гэта, залаценькая мая, фантазія. Савіцкі.

3. Разм. Нечаканы, незразумелы ўчынак; дзівацтва. [Бэсман:] — Загад Аб наступленні зараз на Барысаў — Фантазія штабных. Глебка.

4. Музычны твор свабоднай формы, імправізацыйнага характару. «Камарынская» — фантазія для аркестра на дзве рускія народныя тэмы: вясельную і вядомую «Камарынскую». «ЛіМ».

5. Літаратурны твор фантастычнага зместу. // Літаратурны твор, які з’яўляецца творчай перапрацоўкай якіх‑н. твораў.

[Грэч. phantasia — уяўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)