фанта́н, ‑а, м.
1. Струмень вады або якой‑н. вадкасці, які з сілай выкідваецца ўгору пад высокім ціскам. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта, Б’е стуль, скуль і не сніў прыгонны дзед. Купала. Параўняўшыся з Макарам і Зінай, Пеця набраў вады ў рот і выпусціў яе ўгару многаструменным фантанам. Васілёнак. Кроў лінула фантанам. Дамашэвіч. // Архітэктурнае збудаванне, з якога б’юць уверх струмені вады. Перад домам быў палісаднік з клумбамі кветак, з маленькім фантанам. Шамякін. // перан.; чаго або які. Маса чаго‑н., якая высока ўзлятае ўгору, з сілай вырываецца адкуль‑н. Высока ў неба падняўся вогненны фантан. Новікаў. Снарады і бомбы, уздымаючы фантаны гразі, глуха падалі ў балота. Няхай.
2. перан. Разм. Невычэрпны паток чаго‑н. (слоў, лаянкі і пад.). Фантан красамоўства. □ Радасць рабочага пісьменнік цесна звязвае са свабоднаю працаю. Гэта не тая беспрадметная радасць, якая яшчэ зусім нядаўна біла фантанам у многіх творах маладнякоўцаў, але сутнасці якой некаторыя маладыя пісьменнікі яшчэ часта не тлумачылі. Арабей.
3. Збудаванне для падачы вады пад напорам.
[Ад лац. fons, fontis — крыніца.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)