ста́йневы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стайні.
ста́йня, ‑і, ж.
Памяшканне для коней, канюшня. Конюх выпускае з стайні коней На вясёлы вадапойны збор. Астрэйка. Са стайні конюх вывеў на шпацыр варанога жарабца. Чарнышэвіч.
•••
Аўгіевы стайні (канюшні) — пра вельмі забруджанае памяшканне, а таксама аб справах, у якіх пануе поўнае бязладдзе, блытаніна (ад грэчаскага міфа пра стайні цара Аўгія, што не чысціліся 30 год і былі вычышчаны Гераклам за адзін дзень).
стака́н, ‑а, м.
Спец.
1. Гільза артылерыйская снарада.
2. Назва дэталей рознага прызначэння, якія маюць цыліндрычную форму. Токар Кучарэнка стаў добра працаваць па фрэзерным, на свідравальным станках, навучыўся спраўляцца з расточкай стаканаў плунжэра дамкрата. «Беларусь».
стака́та,
1. нескл., н. У музыцы — кароткае адрывістае выкананне гукаў, пры якім яны не звязаны адзін з другім. Знак стаката.
2. прысл. Адрывіста, каротка.
[Іт. staccato — адрывіста, асобна.]
стакро́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Тое, што і маргарытка. [Гладыёлус на судзе кветак:] — Няма яшчэ Стакроткі, Чабору і Шыпшыны, але наш час кароткі, пачаць без іх павінны. Дубоўка.
ста́ксель, ‑я, м.
Спец. Касы трохвугольны парус.
[Гал. stagzeil.]
сталава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сталавацца.
сталава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; незак.
Харчавацца, мець стол (у 2 знач.) дзе‑н. або ў каго‑н. [Сяргей:] — Знайшоў кватэру недалёка ад заводзіка. Каморка невялічкая. Дамовіўся з гаспадыняй наконт харчу. Буду ў яе сталавацца. Машара. [Саша] ішла злосная, з намерам рашуча заявіць Ані, што, калі яшчэ раз будзе такая бульба і такі боршч — яна больш сталавацца ў яе не будзе, за свае грошы знойдзе кватэру ў любым месцы. Шамякін.
сталагмі́т, ‑а, М ‑міце, м.
Вапняковае ўтварэнне на дне пячор, якое ўзнікае пры падзенні капель вады, насычанай кальцыем і вуглякіслым газам.
[Ад грэч. stalagma — капля.]
сталагмі́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сталагміта, з’яўляецца сталагмітам. Сталагмітавыя ўтварэнні. // Са сталагмітамі. Сталагмітавая пячора.