лагарыфмава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. лагарыфмаваць.
лагарыфмава́цца, ‑муецца; незак.
Зал. да лагарыфмаваць.
лагарыфмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; заг. лагарыфмуй; зак. і незак., што.
У матэматыцы — знайсці (знаходзіць) лагарыфм дадзенага ліку.
лагарыфмі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лагарыфма. Лагарыфмічныя табліцы.
•••
Лагарыфмічная лінейка гл. лінейка (у 2 знач.).
ла́гер, ‑а, м.
1. Часовая стаянка войска ў палявых умовах, а таксама войска, размешчанае такім чынам. Чуўся ціхі шум ротнае лагера ў ляску, ціха гулі галасы. Чорны. Калі Шутаў вярнуўся ў брыгадны лагер, было ўжо за поўнач. Мележ. // Сталае месцазнаходжанне партызан, паўстанцаў. Чорныя праталіны ля зямлянак партызанскага лагера курыліся парай. Лынькоў.
2. Часовае пасяленне, стаянка каго‑, чаго‑н. Лагер лесарубаў прачнуўся з усходам сонца. Машара. Пасялілі [Валерыя] у лагеры палатак, разам з іншымі будаўнікамі. Б. Стральцоў. Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе. Колас. // Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы. — Пакуль свінарнік пабудуем, будзем трымаць маладняк у лагерах, — прапанаваў адзін [член праўлення]. Сергіевіч.
3. Месца ўтрымання ваеннапалонных ці зняволеных. Вясной .. акупанты прадбачліва сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за браты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Брыль. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.
4. перан. Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў. Лагер міру і сацыялізма. □ Міхалка падзяліў людзей сваёй ваколіцы на два лагеры — на ворагаў і прыяцеляў савецкай улады. Бядуля.
•••
Канцэнтрацыйны лагер — месца масавага зняволення і знішчэння барацьбітоў за дэмакратыю і сацыялізм, ваеннапалонных і інш.
Піянерскі лагер — выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для піянераў і школьнікаў у СССР.
[Ням. Lager.]
ла́гернік, ‑а, м.
Разм. Той, хто знаходзіцца ў лагеры (у 1–3 знач.).
ла́герны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лагера (у 1–3 знач), уласцівы лагеру. Лагерная вучоба. Лагернае адзенне. Лагернае ўтрыманне жывёлы. □ Пад паветкай лагернай канюшні стаіць адзін з запасных коней. Брыль.
лагі́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць лагічнага: адпаведнасць законам логікі. Лагічнасць довадаў.
лагі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да логікі (у 1 знач.). Лагічныя катэгорыі. Лагічны метад.
2. Заснаваны на законах логікі; які адпавядае законам логікі. Лагічнае мышленне. □ Было нешта падобнае на праўду ў падасланым лісце. Аб гэтым гаварылі лагічныя довады, з якімі нельга было не пагадзіцца. Лынькоў. // Выяўлены, устаноўлены з дапамогай законаў логікі. Лагічная памылка.
3. Абумоўлены самім характарам, унутранай заканамернасцю чаго‑н.; непазбежны, заканамерны. Само сабою, як лагічны вынік, як завяршэнне ўсіх думак і разважанняў, узнікла адно простае і шчырае пытанне. Кулакоўскі.
4. Паслядоўны, разумны. Быць лагічным. Лагічны ўчынак.