ла́гер, ‑а, м.
1. Часовая стаянка войска ў палявых умовах, а таксама войска, размешчанае такім чынам. Чуўся ціхі шум ротнае лагера ў ляску, ціха гулі галасы. Чорны. Калі Шутаў вярнуўся ў брыгадны лагер, было ўжо за поўнач. Мележ. // Сталае месцазнаходжанне партызан, паўстанцаў. Чорныя праталіны ля зямлянак партызанскага лагера курыліся парай. Лынькоў.
2. Часовае пасяленне, стаянка каго‑, чаго‑н. Лагер лесарубаў прачнуўся з усходам сонца. Машара. Пасялілі [Валерыя] у лагеры палатак, разам з іншымі будаўнікамі. Б. Стральцоў. Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе. Колас. // Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы. — Пакуль свінарнік пабудуем, будзем трымаць маладняк у лагерах, — прапанаваў адзін [член праўлення]. Сергіевіч.
3. Месца ўтрымання ваеннапалонных ці зняволеных. Вясной .. акупанты прадбачліва сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за браты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Брыль. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.
4. перан. Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў. Лагер міру і сацыялізма. □ Міхалка падзяліў людзей сваёй ваколіцы на два лагеры — на ворагаў і прыяцеляў савецкай улады. Бядуля.
•••
Канцэнтрацыйны лагер — месца масавага зняволення і знішчэння барацьбітоў за дэмакратыю і сацыялізм, ваеннапалонных і інш.
Піянерскі лагер — выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для піянераў і школьнікаў у СССР.
[Ням. Lager.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)