Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зна́чымы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае значэнне, сэнс. Значымыя гукі. Значымыя словы.

2. Важны па значэнню. Значымыя падзеі.

зна́чыцца 1, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

1. Быць запісаным дзе‑н., занесеным у які‑н. спіс. У запісцы значылася такая вуліца, якой хлопец ніколі і не чуў. Кулакоўскі. У спіску лепшых работнікаў падполля на адным з першых месц значыцца сям’я.. Яркіна. Брыль. // Лічыцца, называцца. Палеская, або Мазырская група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцы[й]на, абрала ўчастак контрудару на лініі Крыўцы — Высокае. Колас.

2. Быць бачным; вылучацца, віднецца. У цемры постаць .. [Ганны] ледзь значыцца, а твару і зусім не відаць. Мележ. Дарогу замяло. Ледзь значыўся свежы след. Гроднеў.

зна́чыцца 2, пабочн.

Разм. Такім чынам, выходзіць. — Значыцца, вы толькі ўступілі ў Чырвоную Армію? Машара. Носік дэманстратыўна пакінуў сход. За жывое ўзяло, значыцца. Ермаловіч.

зна́чыць 1, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. Памячаць, ставячы знак, метку і пад. Кастусь нарыхтаваў альховых пруткоў, і яны пачалі адбіраць і значыць кусты. Дубоўка. Авечку латкамі, бывае, значаць, каб распазнаць у табуне лягчэй. Таўлай.

2. Вызначаць, указваць сабой шлях, дарогу і пад. Твой сын болей гора не ўбачыць, Што зведалі маці і бацька, Бо сцяг яму Леніна значыць Дарогу ў заўтра, у вякі. Прыходзька. Дарогу значаць рэк і рэчак Ступені стромкія плацін. Гаўрусёў.

зна́чыць 2, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Мець той ці іншы сэнс, азначаць (пра словы, знакі, жэсты і пад.). Так, звузіла сваё значэнне слова бульба, якое ў лацінскай мове значыла клубень, караняплод (лац. bulbus — «клубень»), а ў беларускай толькі пэўны від караняплодаў. Юргелевіч. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны. Лынькоў. // Сведчыць аб чым‑н. Цётка маўчала, а гэта значыла: жыць было можна. Ракітны.

2. Мець значэнне, вагу, быць істотным; адыгрываць ролю. Цяпер Бондар рэдка думае пра Гэлю, а яшчэ чатыры, нават тры гады назад яна значыла для яго вельмі многа. Навуменка. У руках сініца значыць Больш за жураўля ў блакіце. Маляўка.

3. у знач. пабочн. Такім чынам, выходзіць. Удзень з дрэў капала. Надвячоркам жа на галінах выраслі тонкія ледзяшы. Значыць, пачало падмарожваць. Бяспалы. Раптам, схамянуўшыся, Максім устае: над галавой чутна тупаніна. Значыць, параход пад’язджае да чарговага прыпынку. Каршукоў.

•••

Нічога не значыць — не мець значэння, быць неістотным; не адыгрываць ролі. Коска для .. [Мікалая] нічога не значыла — нуль, не больш. Якімовіч.

Што значыць хто ці што — пры ўказанні на асаблівасць каго‑, чаго‑н., пры жаданні растлумачыць што‑н. уласцівымі каму‑, чаму‑н. якасцямі. — Вось што значыць Савецкая ўлада, — задаволена гаварыў Лазавік. — Папы і тыя стрыгуцца, ідуць нам служыць. Хомчанка.

значы́ць, ‑чы́ць; незак.

Абл. Паказваць на цельнасць (звычайна пра карову). Наста думае, што карова будзе цяліцца толькі ў канцы месяца, а можа аж пасля каляд, нядаўна значыць пачала. Пташнікаў.

значэ́нне, ‑я, н.

1. Сэнс, змест. Прамое і пераноснае значэнне. □ Да вушэй ігракоў даляталі толькі словы, але не значэнне іх: звон срэбра .. глушыў іх. Колас. Зараз усё наваколле перад .. поглядам [Білі] набыло новае значэнне. Гамолка.

2. Важнасць, значнасць. Гістарычнае значэнне. Прадпрыемства агульнасаюзнага значэння. □ Тыя здарэнні, што наспяваюць у гушчы рыжскіх рабочых, маюць агромністае, усерасійскае значэнне. Гартны. // Грамадская роля, прызначэнне. Выхаваўчае значэнне мастацкай літаратуры.