дудкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Доўгі, вузкі і пусты ўнутры. Дудкаватае сцябло.
ду́дкі, выкл.
Разм. Служыць для адмаўлення чаго‑н., адказу ад чаго‑н. [Гарлахвацкі:] Дудкі, грамадзянін Зёлкін! Нідзе ты ад нас не схаваешся! Крапіва.
ду́днік, ‑у, м.
Двух- або шматгадовая травяністая расліна сямейства парасонавых з пустым сцяблом і белымі або ружаватымі кветкамі, сабранымі ў парасонікі.
дуду́к, ‑а, м.
Духавы драўляны музычны інструмент у выглядзе трубкі з 9 адтулінамі; пашыраны ў народаў Каўказа.
[Тур. düdük.]
дуду́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Ціха перагаворвацца.
дуду́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Ціха гаварыць, размаўляць. [Кума і баба] пачаставаліся ды сядзяць сабе, дудукаюць пра сёе, пра тое, а Жэнька дзіця купае. Крапіва. На прызбах пад хатамі сядзяць, дудукаюць дзяўчаткі і хлопцы-падлеткі. Сабаленка.
ду́жа, прысл.
Надта, вельмі, надзвычай. У Міколкавым раннім дзяцінстве было многа падзей, але ці дужа іх успомніш усе. Лынькоў. Час быў дужа трывожны. Корбан. Ліпачцы дужа шкада было бабулькі. Сабаленка.
ду́жанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дужацца.
ду́жасць, ‑і, ж.
Фізічная сіла; бадзёрасць. Дужасці ў старога яшчэ не бракуе. Хадкевіч. [Жаданне выратавацца] прыдало аслабелай дзяўчыне дужасці. Мележ. Каторы раз выручала хлопца яго немалая прыродная дужасць, непераборлівасць да ўмоў жыцця і, вядома, суровая армейская загартоўка. Быкаў.
ду́жацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., з кім.
Разм. Схапіўшыся адзін з другім, старацца асіліць праціўніка; мерацца сілай. Ніхто з нас не браўся з Грышам дужацца — ён кожнага клаў на зямлю адным махам. Капыловіч.