скра́дзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад скрасці.
скразны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які праходзіць наскрозь. Скразная прабоіна. □ Марыя ўвайшла ў калідор, той самы вузкі, скразны, па якім можна прайсці з вуліцы ў агарод. Кулакоўскі.
2. Такі, пры якім перамяшчэнне ажыццяўляецца ад пачатковага да канцавога пункта без перасадак, перагрузак. Скразны поезд. Скразны кантынентальны пералёт. // Прыгодны на ўвесь маршрут (пра білет). Скразны білет. // перан. Які захоўваецца па працягу чаго‑н., наскрозь пранізвае што‑н. Лабановіч пастаўлен у цэнтр усіх падзей і з’яўляецца адзіным скразным героем твора. Казека. [П. Пестрак] не асабліва пільнаваўся ні адзінства часу, ні адзінства месца дзеяння, не стараўся захаваць скразныя сюжэтныя лініі. М. Стральцоў.
3. Які распаўсюджваецца на ўсе моманты вытворчай дзейнасці; распаўсюджваецца па ўвесь прадмет. Скразны графік работы. Метад скразнога шліфавання. Скразная загартоўка дэталей. // Які ахоплівае ўсё, запаўняе сабой усё. Гул скразны. Скрыгочуць нема сцены. Пысін. Снег валіў, але не густа, Мы яго змялі набок, І на возеры, як люстра, Заблішчаў скразны лядок. Калачынскі.
4. Увесь у прасветах і адтулінах, праз якія праходзіць святло; ажурны, рэдкі. Скразны цюль.
•••
Скразная брыгада — брыгада, якая складаецца з работнікаў розных спецыяльнасцей, што сваёй дзейнасцю ахопліваюць усе моманты вытворчага працэсу.
скразня́к, ‑у, м.
Моцная цяга паветра праз скразныя адтуліны, праёмы і пад. Рэзкі вецер з захаду гуляў скразнякамі ў прагалах паміж будынкамі. Хадкевіч.
скрана́льнасць, ‑і, ж.
Здольнасць мяняць сваё месцазнаходжанне, скранацца.
скрана́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скранаць — скрануць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. скранацца — скрануцца.
скрана́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да скрануцца.
2. Зал. да скранаць.
скрана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да скрануць.
скрану́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад скрануць.
скрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Зрушыцца з месца. Нібы прыкуты быў да месца Міколка, не мог скрануцца, ні паварушыцца. Лынькоў. Хацелася сесці і адпачыць. Але нам было вядома, што лепш не спыняцца, бо затым не скранешся. Лось. Саша скранулася з месца і ішла павольна да стала, як баючыся. Пестрак.
скрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Зрушыць з месца. [Гарбачэня:] — Наравістаму каню пуга дапамагае. — Наадварот, — зазначыў падводчык, — ласкай хутчэй скранега з месца. Гурскі. Паравоз рыўком скрануў эшалон з месца. Мележ.