усто́й, ‑я, м.
1. Спец. Апора, бык 2.
2. звычайна мн. (усто́і, ‑яў); перан. Уклад жыцця, замацаваны традыцыям. Устоі жыцця. Маральныя ўстоі. □ Гераічная барацьба лепшых сыноў рабочага класа падарвала ўстоі самаўладства. Купала.
усто́йвацца, ‑аецца.
Незак. да устаяцца, устояцца.
усто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да устаяць, устояць.
усто́йлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць устойлівага. Устойлівасць збудавання. Устойлівасць руху. Устойлівасць светапогляду. □ Я перабегла на другое [бервяно] і стала трывала, адразу адчуўшы ўстойлівасць плыта. Савіцкі.
усто́йлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны цвёрда стаяць, трымацца, не хістаючыся, не падаючы. Напэўна, у нашым выратаванні немалая заслуга і лодкі, вельмі пад’ёмістай і ўстойлівай на вадзе. Кірэенка. Цягуча, нудна скрыпіць пад нагамі верхняя ступенька канторскага ганка, і я хутчэй ступаю на ніжнюю, больш устойлівую. Палтаран. Вось нарэшце зямля — цвёрдая і ўстойлівая. Мележ.
2. Які не паддаецца зменам, хістанням; пастаянны. Устойлівыя цэны. Устойлівая валюта. Устойлівы характар. □ Перадавыя раёны і гаспадаркі абавязаліся дасягнуць высокіх, устойлівых ураджаяў сельскагаспадарчых культур. «Звязда». // Замацаваны традыцыяй. Устойлівы звычай.
3. перан. Які не паддаецца пабочнаму ўплыву, змяненню; стойкі. Устойлівыя погляды.
усто́яны, ‑ая, ‑ае.
Які стаў гатовым для ўжывання ў выніку доўгага стаяння ў адпаведных умовах. Устояны квас. Устояная наліўка.
усто́яцца, устоіцца; зак.
Разм. Тое, што і устаяцца. Малад[ы] яшчэ, косць не ўстаялася, не акрэпла. Місько.
усто́яць, устою, устоіш, устоіць; зак.
Разм. Тое, што і устаяць. Але нельга было ўстояць перад спакусаю — пакупацца ў Нёмане. Колас. Ступаю на лёд. І не магу ўстояць: мае ногі коўзаюцца — адна ўлева, другая ўправа, і мяне як хто збівае на дол. Лупсякоў.
•••
Вада не ўстоіць на кім гл. вада.
устрапяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Тое, што і страпянуцца. Дзяўчынка ўстрапянулася, як птушанё, і з надзеяй ускінула твар угару. Чорны. Злева раптам прагучэлі два разложыстыя гарматныя стрэлы, узляцела малінавая ракета. Туравец адразу ўстрапянуўся: пачалося! Мележ. Устрапянуліся Гусі белыя, Пер’е скінулі на вадзе. Трус. Апошнія мае словы прагналі як папрок. Аксана ўстрапянулася ўся, загаварыла горача, вельмі хвалюючыся. Сачанка.
устро́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад устроіць.