Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скакуне́ц, ‑нца, м.

Абл. Конік. У садзе цэлую ноч .. стракаталі скакунцы. Гарэцкі.

скакуно́к, ‑нка, м.

Разм. Памянш.-ласк. да скакун (у 1 знач.). Канёк-скакунок.

скаку́нчык, ‑а, м.

Павук, які не пляце павуціны, а насякомых ловіць наскокам.

скаку́ха, ‑і, ДМ ‑кусе, ж.

Разм.

1. Жан. да скакун (у 3, 4 знач.). Глянь на Рыту Наскакуху, Колькі спрыту, Колькі руху: Скок ды скок Цераз шнурок. А. Александровіч.

2. Танец або песня хуткага рытму. А потым прыйшоў баяніст, расцягнуў мяхі ды польку, такую нястрымную скакуху ўдарыў. Лобан.

скала́, ‑ы; мн. скалы, скал; ж.

Каменная глыба, гара з крутымі схіламі, вострымі выступамі. Па моры плывуць караблі, Плывуць паміж рыфаў і скал... Купала. Непрыступнаю сцяной Карпацкія ўзняліся скалы. Танк. Узбярэжжа акіяна, на якім узнік горад — гэта магутная велізарная скала. Новікаў. // перан. Пра сілу, стойкасць, згуртаванасць. Рэспублікі нашы — скала, А сілу ім дружба дала — З’яднанасць савецкіх народаў. Колас.

скалазу́б, ‑а, м.

Разм. Тое, што і зубаскал. Аўтух з сваёй кампаніяй скалазубаў прытарнаваўся да плота — вакол яго, як заўсёды, грымеў безупынны.. рогат. Зарэцкі.

скалазу́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак.

Разм. Тое, што і зубаскаліць.

скалазу́бства, ‑а, н.

Разм. Тое, што і зубаскальства.

скалазу́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Разм. З выскаленымі зубамі. Воўк пад дубам скалазубы — Ажно страх — Барана патрошыць, губіць У кустах. Шушкевіч.

2. у знач. наз. скалазу́быя, ‑ых. Сямейства марскіх рыб з тоўстым, кароткім, часам шарападобным, целам і выцягнутымі накшталт дзюбы сківіцамі.

скалала́жанне, ‑я, н.

Від спорту — узыходжанне на скалы. Спаборніцтвы па скалалажанню.