няво́льніцтва, ‑а, н.
Рабства, няволя. У цяжкія часы прыгону і нявольніцтва песня і казка былі ў нашым народзе адзіным сродкам захаваць сваё нацыянальнае аблічча. Лужанін.
няво́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які зроблены, адбыўся не наўмысна; выпадковы, міжвольны. Нявольная памылка.
2. Які адбываецца не па сваёй волі; вымушаны. Тугою замаркочвалася сэрца паэта, калі ён успамінаў эмігрантаў, нявольных у сваім расстанні з радзімай. Лойка.
3. Тое, што і паднявольны (у 1 знач.). Гэты гром [рэвалюцыі] разбудзіў ўсіх нявольных людзей, Асвяціў бліскавіцай ім шлях. Чарот.
няво́ля, ‑і, ж.
1. Адсутнасць незалежнасць свабоды; падпарадкаванне. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. Сонца свабоды заззяла Краю лясоў і балот. А. Александровіч. Цяпер.. Пракоп з радасцю пайшоў бы ў няволю да Кіры, гатовы служыць і ахвяраваць сабою, не патрабуючы ўзамен нічога. Карпаў. // Палон, рабства. Чым мне быць у нямецкай няволі, Лепш у правым загінуць баю. Астрэйка.
2. Патрэба, неабходнасць. І так у клопаце, у рабоце, Ці то ў няволі, ці ў ахвоце Вясна мінецца, прыйдзе лета. Колас. Ахвота горш няволі. Прымаўка.
няво́пытнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нявопытнага; адсутнасць, недахоп вопыту. [Надзя] па гарачцы, па сваёй дзіцячай нявопытнасці можа нарабіць глупства, палезе ў самае пекла, і пасля .. [Слесарэнка] не даруе сабе, што не здолеў спыніць, уберагчы яе. Бураўкін.
няво́пытны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае дастатковага вопыту. Была.. [падпольная група] малалікая, нявопытная, але прыгодная для выканання прасцейшых заданняў. Асіпенка.
нявы́вучанасць, ‑і, ж.
Стан нявывучанага. Нявывучанасць праблемы.
нявы́вучаны, ‑ая, ‑ае.
Які не падвергся вывучэнню, даследаванню. Нявывучанае пытанне.
нявы́гадна,
1. Прысл. да нявыгадны.
2. безас. у знач. вык. Не прыносіць прыбытку, выгады, карысці. Гэтыя гандляры клапоцяцца перш за ўсё аб тым, выгадна ім або нявыгадна браць нейкую старую паношаную рэч. Прокша. Завязваць бой нават з невялікай групай пасля такога рэйду нам было нявыгадна: мала патронаў, людзі і коні падалі ад стомленасці. Шамякін.
нявы́гаднасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нявыгаднага. Нявыгаднасць гандлёвай аперацыі.
нявы́гадны, ‑ая, ‑ае.
Які не дае прыбытку, даходу, выгады. Эканамічна нявыгадная справа. □ [Максім] быў досыць прыгожы хлопец і сярод паненак лічыўся цікавым кавалерам, хоць і нявыгадным жаніхом. Колас.