Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

міні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Залажыць (закладваць) міну (міны). Вораг, адступаючы, узрываў масты, мініраваў пераправы. Мележ.

[Ням. minieren, ад фр. mine.]

міні́стр, ‑а, м.

Член урада, які стаіць на чале міністэрства. Міністр культуры. // Разм., жарт. Аб разумным, дасціпным чалавеку. — Міністр у мяне, а не жонка! — у захапленні ўсклікваў Міхал. Васілевіч.

•••

Кабінет міністраў гл. кабінет.

Міністр-прэзідэнт — тое, што і прэм’ер-міністр.

Міністр-рэзідэнт — дыпламатычны прадстаўнік трэцяга рангу (пасля пасла і пасланніка) у некаторых капіталістычных краінах, які звычайна прызначаецца ў другаступенныя дзяржавы.

Міністр без партфеля — міністр у некаторых капіталістычных краінах, які выконвае спецыяльныя даручэнні.

[Фр. ministre, ад лац. minister — слуга.]

міністэ́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да міністра, да міністэрства. Міністэрская пасада. Міністэрскі цыркуляр.

2. Разм. Варты міністра, такі, як у міністра. [Клопікаў:] — Паглядзіш, мужык мужыком, а ў гэтага мужыка міністэрская галава была. Лынькоў. [Васіль:] — Не, няма тут нідзе чалавека з міністэрскім выглядам, усе свае, вясковыя. Савіцкі.

міністэ́рства, ‑а, н.

1. Вышэйшая дзяржаўная ўстанова, якая ведае асобнымі галінамі дзяржаўнага кіравання і народнай гаспадаркі, а таксама будынак, дзе знаходзіцца гэтая ўстанова. Міністэрства замежных спраў.

2. У сістэме буржуазнага парламентарызму — састаў міністраў данага ўрада.

міністэ́рша, ‑ы, ж.

Разм. Жонка міністра.

мініяцю́ра, ‑ы, ж.

1. Невялікі рысунак або размаляваная закладка ў старадаўнім рукапісе, кнізе. Рукапіс з мініяцюрамі.

2. Невялікая карціна або партрэт вельмі тонкай работы, старанна аздоблены.

3. Мастацкі твор малой формы. У першай кнізе Ю. Свіркі пераважалі мініяцюры-замалёўкі прыроды з ухілам да філасофскага асэнсавання вобразаў. Лойка.

•••

У мініяцюры — у зменшаным памеры.

[Іт. miniatura, ад лац. minium — кінавар, сурык.]

мініяцю́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мініяцюрнага (у 2 знач.); незвычайна малыя памеры каго‑, чаго‑н.

мініяцю́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мініяцюры (у 1, 2 знач.). Мініяцюрны жывапіс.

2. Маленькі і прыгожы. Побач з важным, шыракаплечым Міхалам Арына здавалася мініяцюрнай, стройнай і маладой. Карпаў. // Вельмі малы. Пасля прыязнай таварыскай гутаркі ў рабочым клубе мы пайшлі на сустрэчу з гданскімі пісьменнікамі. Там пілі кофе з мініяцюрных кубачкаў і слухалі канцэрт. Пестрак.

мініяцюрыза́цыя, ‑і, ж.

Змяншэнне памераў, вагі (прыбораў, устройстваў і пад.). Мініяцюрызацыя — агульнапрызнаная тэндэнцыя ў тэхніцы.

мініяцюры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Мастак, які малюе мініяцюры.

[Фр. miniaturiste.]