змяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў адно пры перамешванні (пра што‑н. разнароднае); утварыць сумесь ці раствор. Гліна змяшалася з пяском. // Зліцца ў адно цэлае, перастаць адрознівацца. Галасы змяшаліся, загудзелі гудам. Якімовіч. Рогат і воплескі змяшаліся разам, Макар ажно ўтуліў галаву ў мяккі каўнер кажуха. Дуброўскі.
2. Размясціцца ў беспарадку, уперамешку адзін з адным; перамяшацца. [Адась:] У Беластоку і Брэсце ў дэманстрацыях удзельнічалі і сяляне. Тут змяшаліся і палякі, і беларусы, і яўрэі... Козел. // Схавацца, знікнуць (у натоўпе, сярод людзей). [Люба] выбілася на мост, прайшла яго і змяшалася з натоўпам людзей. Чорны.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць звычайны парадак, стройнасць, яснасць; пераблытацца, зблытацца. Косця сцішыўся, на яго нахлынулі раптоўныя думкі, збіліся, змяшаліся. Адамчык. І крыўда і злосць змяшаліся ў адно. Баранавых. // Страціць баявы парадак, строй (пра войска). Змяшаліся шэрагі чырвонаармейцаў і партызан. Нікановіч.
змяша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Мяшаючы, перамешваючы, злучыць у адно што‑н. разнароднае; саставіць сумесь ці раствор. Віктар падбег да балота, зачарпнуў у жменю вады, змяшаў з пяском і прынёс Мірону. Маўр. Масла з вадой не змяшаеш. З нар.
2. Парушыць парадак размяшчэння чаго‑н.; пераблытаць, перамяшаць. — Будзем гуляць ці не? — Відаць, не, — змяшаў фігуркі служачы. Караткевіч. // Парушыць баявы парадак, строй (войска). Змяшаць шарэнгі.
•••
Змяшаць з граззю (з зямлёй) каго — груба аблаяць, зняважыць, зняславіць.
змяшча́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць змяшчальнага.
змяшча́льны, ‑ая, ‑ае.
Здольны ўмясціць вялікую колькасць каго‑, чаго‑н.; ёмісты. Змяшчальны бак. Змяшчальнае памяшканне.
змяшча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да змясціцца.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца ў якім‑н. месцы (аб установе, арганізацыі і пад.). Майстэрня змяшчалася ў вялізным неатынкаваным доме. Асіпенка.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утрымлівацца ў чым‑н., уваходзіць у склад чаго‑н. У 100 літрах паветра змяшчаецца каля 21 літра кіслароду.
4. Зал. да змяшчаць.
змяшча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Незак. да змясціць.
2. Мець, заключаць у сабе што‑н. Крупы грэчкі змяшчаюць вугляводы, бялкі, тлушчы.
змяшчэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. змяшчаць — змясціць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. змяшчацца — змясціцца.
змяшэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. змяшаць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. змяшацца.
змяя́, ‑і́; мн. зме́і (з ліч. 2, 3, 4 змяі́), змей; ж.
1. Паўзун з доўгім звілістым целам, укрытым луской, без канечнасцей, звычайна з ядавітымі зубамі. Ядавітая змяя. □ Закруцілася змяя, засіпела так, што Ра спалохаўся і адбег назад. Маўр.
2. Разм. лаянк. Пра каварнага, злога чалавека. — Кінь сваю літасць да гэтай змяі. Ён калісьці над рабочымі таксама літасці не меў. Бядуля.
3. у знач. прысл. змяёй (‑ёю). Утвараючы звівы, зігзагі; звіліста. Паміж алешніку змяёю Крыніца чорнай паласою На свет зірнула, лёд прабіла, У старых карчах загаманіла. Колас.
•••
Грымучая змяя — трапічная ядавітая змяя, у некаторых відаў якой на канцы хваста ёсць конусападобныя арагавелыя лускавінкі, што ўтвараюць шум пры трэнні адной аб другую.
Змяя (гадзюка) падкалодная — пра хітрага, злога, каварнага чалавека.
Прыгрэць змяю на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.