змяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў адно пры перамешванні (пра што‑н. разнароднае); утварыць сумесь ці раствор. Гліна змяшалася з пяском. // Зліцца ў адно цэлае, перастаць адрознівацца. Галасы змяшаліся, загудзелі гудам. Якімовіч. Рогат і воплескі змяшаліся разам, Макар ажно ўтуліў галаву ў мяккі каўнер кажуха. Дуброўскі.
2. Размясціцца ў беспарадку, уперамешку адзін з адным; перамяшацца. [Адась:] У Беластоку і Брэсце ў дэманстрацыях удзельнічалі і сяляне. Тут змяшаліся і палякі, і беларусы, і яўрэі... Козел. // Схавацца, знікнуць (у натоўпе, сярод людзей). [Люба] выбілася на мост, прайшла яго і змяшалася з натоўпам людзей. Чорны.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць звычайны парадак, стройнасць, яснасць; пераблытацца, зблытацца. Косця сцішыўся, на яго нахлынулі раптоўныя думкі, збіліся, змяшаліся. Адамчык. І крыўда і злосць змяшаліся ў адно. Баранавых. // Страціць баявы парадак, строй (пра войска). Змяшаліся шэрагі чырвонаармейцаў і партызан. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)