зваля́цца, ‑яецца; зак.
Застаўшыся нявыкарыстаным, прыйсці ў непрыгоднасць. Плацце звалялася.
звана́р, ‑а, м.
Царкоўны служыцель, які звоніць у званы. Пятрусь Кравец, званар, сядзеў на званіцы, дзержачы ў руках вяроўку. Колас.
звандрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Разм. Аб’ехаць, абысці якую‑н. мясцовасць. — Я ўвесь свет звандравала, сваю галоўку стурбавала, усё вас шукала... Якімовіч.
зване́ц, ‑нцу, м.
Травяністая расліна сямейства залознікавых з жоўтымі кветкамі і плодам у выглядзе каробачкі.
званітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе.
Зак. да ванітаваць.
звані́ца, ‑ы, ж.
Вежа для званоў над будынкам царквы або пры царкве. Адзванілі даўно на званіцах званы, Адшумелі на вечах даўно палачане. Грахоўскі. Аднойчы сярод белага дня ўдарыў на царкоўнай званіцы самы большы звон, які звычайна склікаў людзей, на пажар. Хведаровіч.
•••
Глядзець са сваёй званіцы на каго-што гл. глядзець.
звані́ць, званю, звоніш, звоніць; незак.
1. Выклікаць, ствараць звон, удараючы ў што‑н., чым‑н. Дае дарэктару ён бляху. — Звані ў яе, бі, чым папала, Абы мацней яна гучала — На ўсю Свяржэнскую граду! Колас. Каля адной крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі, — пакупнікоў заклікаюць. Якімовіч. // Ствараць звон (пра які‑н. механізм, апарат). Будзільнік звоніць. Куранты звоняць. Тэлефон звоніць. // Падаваць сігнал званком. Званіць на ўрок. // Удараць у звон, апавяшчаючы пачатак службы ў царкве. Калі з ветрам, дык тут у хвойнічку нават чуваць, як вызвоньваюць гадзіны на замкавай вежы або як звоняць на імшу ў касцёле ці царкве. Чорны.
2. перан. Разносіць чуткі, плёткі; нагаворваць на каго‑н. — Уся вёска звоніць, што калгасам цяпер кіруеш не ты, а Кацубіха. Шамякін.
3. Выклікаць да тэлефона званком тэлефоннага апарата; гаварыць па тэлефоне. — Мне не званілі? — на хаду запытаўся сакратар. — Не, — адказала Зоя. Асіпенка. Дадому Алесь ехаў адзін: Кібрык пайшоў некаму званіць па тэлефоне. Шыцік.
•••
Званіць ва ўсе званы — расказваць усім пра што‑н.
звані́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да званіцы. Званічная вежа.
званко́вы 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да звонак, звонкі. Званковы валет. Званковая дзевятка.
званко́вы 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да званка. Званковая кнопка.
зва́нне, ‑я, н.
1. Афіцыйна прысвоенае найменне, якое вызначае кваліфікацыю ў галіне якой‑н. дзейнасці або службовае становішча. Воінскае званне. Званне інжынера. Званне ўрача. Вучонае званне. □ Аксіння Хвядосаўна Снягір — удава, муж яе, былы раённы работнік, загінуў у канцы вайны ў званні маёра. Шамякін. // Ганаровае найменне, якое прысвойваецца за якія‑н. заслугі і з’яўляецца адным з відаў узнагароды. Званне Героя Сацыялістычнай Працы. Званне заслужанага настаўніка. // Найменне, якое ўказвае на прыналежнасць да якой‑н. арганізацыі, групы і пад. Змагацца за званне брыгады камуністычнай працы.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — саслоўная прыналежнасць, саслоўны стан. Мяшчанскае званне. Духоўнае званне. // Уст. Тытул. Графскае званне.
3. Разм. Прозвішча, імя, мянушка. — Празвалі людзі Здрокам, і, напэўна, памрэш з гэтым казяўчыным званнем. Кандрусевіч.
•••
Адно званне — пра тое, што, захаваўшы сваё найменне, страціла асноўныя якасці, вартасці.
Ані звання каго-чаго — зусім не існуе, і ў паміне няма. — Але наконт прыватнаўласніцкага перажытку я вам магу сказаць пэўна: у мяне яго няма ані звання. Васілёнак.