апра́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Вызваліць, ачысціць ад усяго непатрэбнага; надаць чысты, прыбраны выгляд; абмыць. Гэтая [жонка] неяк апратала, улагодзіла.. [Адама], і нават яе двое дзяцей ад першага мужа.. нібы і не замінаюць гаспадару. Сабаленка. [Марыля:] — Скідай з сябе ўсё. Апратаю цябе трохі ды пойдзеш. Прыняла б я цябе, Амелька, ды сыны не захочуць. Вялікія ўжо хлопцы параслі. Лобан.
апра́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Зал. да апратваць.
апра́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апратаць.
апра́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм. Тое, што і вопратка. А маладзенькія ялінкі Пад белым пухам чуць заметны; Яны так мілы, так прыветны, Бы тыя красачкі-дзяўчаткі, Надзеўшы гожыя апраткі. Колас. Стала холадна адразу ўсяму, і здавалася, што цела толькі пад адным кажухом, што на ім няма больш ніякай апраткі. Пташнікаў.
апратэстава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. апратэставаць.
апратэстава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад апратэставаць.
апратэстава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
1. Заявіць пратэст супраць чаго‑н.; не згадзіцца з чым‑н. Апратэставаць рашэнне суддзі.
2. Засведчыць афіцыйна факт няплаты ў тэрмін па вэксалю.
апратэсто́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да апратэстоўваць.
апратэсто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да апратэставаць.
апраўда́льны, ‑ая, ‑ае.
Які заключае ў сабе апраўданне. Апраўдальны прыгавор.