усяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да усяліць.
усяме́рны, ‑ая, ‑ае.
Які ажыццяўляецца ўсімі мерамі, усімі спосабамі, сродкамі. — Правільная палітыка нашай камуністычнай партыі, — гаварыў Кастусь, — палітыка ўсямернага развіцця індустрыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі — апраўдала сябе выдатна. Брыль.
усямёх, прысл.
У колькасці сямі чалавек (толькі пра мужчын або толькі пра жанчын).
усяно́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прадаўжаецца, працягваецца ўсю ноч. Гэта было ўсяночнае вандраванне. Яны ўдвух [Мішурын і Вялічка] усю ноч блыталіся па цёмных закутках, абы не натрапіць на нямецкія вочы. Чорны.
2. у знач. наз. усяно́чная, ‑ай, ж. Царкоўная служба перад вялікаднем у праваслаўных хрысціян, якая працягваецца ўсю ноч.
усярэ́дзіне, прысл. і прыназ.
1. прысл. Унутры, у цэнтры чаго‑н. Міхась схапіў рагожу і.. стаў вышароўваць бітон усярэдзіне і зверху. Дайліда. Золка за плячыма, ные і ные ўсярэдзіне, як на што нядобрае. Пташнікаў. Смешныя ў .. [Курта] выходзілі пячонікі: зверху вуголле, а ўсярэдзіне цвёрдыя, як камень, — ні ўкусіць, ні ўгрызці. Ракітны.
2. прыназ. з Р. Пасярод. З налітымі крывёю вачамі, каровы равуць, грабуць капытамі зямлю... Усярэдзіне статка — на невялікім пятачку — воўк. Бяспалы.
усярэ́дзіну, прысл. і прыназ.
1. прысл. Унутр. Чалавек разграбаў на страсе салому, рабіў лаз усярэдзіну. Курто.
2. прыназ. з Р. Унутр чаго‑н. Снарад праламаў сцяну і трапіў усярэдзіну дома.
усясве́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і сусветны (у 2 знач.).
усяхва́левы, ‑ая, ‑ае.
Прыстасаваны для прыёму і перадачы па радыё на ўсіх хвалях. Усяхвалевы прыёмнік.
усячы́, усяку, усячэш, усячэ; усячом, усечаце, усякуць; пр. усек, ‑ла; зак., што.
1. Адсякаючы, укараціць. Усячы касільна. // (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы адсячы што‑н. Палена цвёрдае — не ўсячэш.
2. Спец. Урабіць, уставіць у высечаную адтуліну. Усячы перагародку ў сцяну.
3. перан. Кніжн. Паменшыць колькасць складоў у радку. Усячы склад у вершаваным радку.
уся́чына, ‑ы, ж.
Разм. У выразе: усякая ўсячына — а) самыя разнастайныя рэчы, прадметы. Бакоўка была захламлена ўсякай усячынай. Няхай; б) усё, што хочаш, усё без разбору. Усю ноч не давалі спакою цяжкія і трывожныя сны. Плялася ўсякая ўсячына, у галаву лезла розная дрэнь. С. Александровіч.