страбаскапі́я, ‑і, ж.
Назіранні пры дапамозе страбаскопа.
страбаско́п, ‑а, м.
Прыбор для атрымання рухомых вобразаў аб’екта, а таксама для фіксацыі асобных фаз руху.
[Ад грэч. stróbos — кручэнне і skopeō — гляджу.]
стра́ва, ‑ы, ж.
1. Пэўным чынам прыгатаваныя для яды прадукты харчавання. Малочная страва. □ Танька кіслай стравы не ела, ні буракоў, ні капусты, і маці адразу паставіла перад ёй кашу на неглыбокай талерцы і кубак з цёплым малаком. Ермаловіч. Са стала паляцела, перакуліўшыся, міска з варывам, лінула гарачай стравай бацьку на грудзі. Галавач. Манька падрыхтуе чыгункі, загадае Міхалку зварыць ці даварыць страву, выгнаць карову, а сама — за касу і ў поле: касі каса, пакуль раса! Лось. // Яда. За год вайсковага жыцця .. [Віктар] не зведаў стравы болей смачнай, чым звычайны, аржаны, спецыяльна высушаны хлеб. Навуменка.
2. Адзін з відаў яды, які падаецца на абед, снеданне або вячэру. — Смачна! — прыняўшыся есці першую страву, сказаў .. [Змітрок]. Ваданосаў. Але ж куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Да яе прыбаўлялася яшчэ адзінаццаць страў або хоць бы хто колькі мог назбіраць. Якімовіч.
стравава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стрававання. Стрававальны апарат. Стрававальны працэс.
стравава́нне, ‑я, н.
Ператраўліванне і засваенне стравы арганізмам. Органы стрававання. Працэс стрававання.
страваво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Частка стрававальнага тракта чалавека або жывёліны ў выглядзе трубкі, якая злучае поласць рота са страўнікам.
страваво́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стрававода.
страві́цца, стравіцца; зак.
Засвоіцца ў працэсе стрававання.
страві́ць 1, страўлю, стравіш, стравіць; зак., што.
1. Зрабіць патраву. Стравіць пасевы. □ Міхал Стальмаховіч прыходзіў у тыя дні ў сельсавет да Кастуся і Мікалая скардзіцца, што Мікуць хацеў стравіць яму сенажаць. Чорны.
2. Перавесці, не па-гаспадарску скарміць. — Мае бабы канюшыну за зіму стравілі, зусім мала асталося, — паведаміў Ладымер. Чарнышэвіч. [Дзед:] — Малака не дасць: запусцілася, якое ўжо там малако. Сена страўлю, а хто яго мне верне?.. М. Стральцоў.
страві́ць 2, страўлю, стравіш, стравіць; зак., што.
Засвоіць у працэсе стрававання.