цэ́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць цэльнага. У ім [Медным] усё гарманіравала, падкрэслівала цэльнасць натуры. Няхай. // Пра адзінства мастацкага ўражання і ўздзеяння. Аднак паэт .. настойліва шукае цэльнасць і гармонію і ў «Блакадзе» ў поўнай меры яе знайшоў. «Маладосць».
цэ́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца, зроблены з аднаго рэчыва, з аднаго куска; суцэльны. Вырабляюцца.. [вудзільны] з цэльнага і колатага бамбуку, сталёвых трубак. Матрунёнак. Калоны [будынка] — з цэльных ствалоў дрэў, якія стаяць на каменных падкладках. «Помнікі».
2. Неразбаўлены, натуральны. Цэльнае малако.
3. перан. Які валодае ўнутраным адзінствам, прасякнуты ім. Каханне пачынаецца не ў дваццаць сем, а ў семнаццаць, яно самае моцнае, цэльнае, гэтае першае каханне... Навуменка. // Адзіны, непадзельны. Цэльнае ўражанне. □ Творчасць Кузьмы Чорнага не варта разбіваць на «раннюю» і «сталую». Яна цэльная і ў цэласці дае ўяўленне пра жыццё беларускага народа. Лужанін. // Закончаны, даведзены да канца. Па глыбіні псіхалагічнай характарыстыкі вобраз Данілы можна паставіць побач з вобразам Мірашнічэнкі. Ён такі ж цэльны, завершаны ва ўсіх сваіх рысах. «Полымя».
цэ́льсій, ‑я, м.
Тэрмометр са стоградуснай шкалой ад пункта раставання лёду да пункта кіпення вады. 40° па Цэльсію.
[Ад імені вынаходніка, шведскага фізіка 18 ст.]
цэлюло́за, ‑ы, ж.
Рэчыва, якое атрымліваецца з хімічна апрацаванай драўніны, сцёблаў некаторых раслін і ідзе на выраб паперы, штучнага шоўку, выбуховых сродкаў і пад.; клятчатка (у 1 знач.).
[Фр. cellulose ад лац. cellula — клетка.]
цэлюло́зны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цэлюлозы, прызначаны для вырабу цэлюлозы. Цэлюлозная вата. □ А на самай лукавіне Амура будуецца буйнейшы на ўсходзе цэлюлозны камбінат. Грахоўскі.
цэме́нт, ‑у, М ‑нце, м.
1. Мінеральнае парашкападобнае рэчыва, здольнае ўтвараць з вадой аднародную масу, якая з цягам часу ператвараецца ў каменепадобнае цела; ужываецца ў вытворчасці бетону і будаўнічых раствораў. Назаўтра, ні свет ні зара, прыбыла баржа са шлакам, цэментам, цвікамі. Мыслівец.
2. Касцявая тканка, якая пакрывае корань і шыйку зуба.
3. перан. Разм. Тое, што злучае, аб’ядноўвае каго‑, што‑н. [Шаманскі] глядзеў на закураных пылам, абсыпаных кастрою жанчын і думаў, што трэба заваяваць іх давер’е, той цэмент, без якога нельга ўмацаваць, з’яднаць калектыў. Дуброўскі.
[Ад лац. caementum — друз.]
цэментава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаецца, служыць для цэментавання, цэментацыі. Цэментавальны агрэгат. Цэментавальны састаў.
цэментава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. цэментаваць (у 1 знач.).
цэментава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад цэментаваць.
2. у знач. прым. Пакрыты, змацаваны цэментам, зроблены з цэменту. Цэментаваная падлога. Цэментаваная дарожка. □ Стаяў .. [асабняк] на ўзгорку, з вуліцы да яго вялі шырокія цэментаваныя ўсходкі. Шамякін.
3. у знач. прым. Спец. Падвергнуты цэментаванню. Цэментаваная шчыліна.
цэментава́цца, ‑туецца; зак. і незак.
1. Стаць (станавіцца) цэментаваным (у 2, 3 знач.).
2. толькі незак. Зал. да цэментаваць.