Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сказі́ць, скажу, сказіш, сказіць; зак., што.

1. Змяніць, перайначыць; выставіць у няправільным, памылковым святле. Сказіць сэнс. □ Вульгарызатарская крытыка намагалася сказіць воблік паэта, прыпісваючы яго творчасці песімізм і эстэцтва. Майхровіч. [Сігнал] прыйшоў аднекуль здалёк, прабіўшыся праз камету. Магчыма, гэта і сказіла яго. Шыцік.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна змяніць, надаць ненатуральны, ненармальны выгляд (пра твар). Грымаса сказіла твар.

ска́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Гіст. Спіс, рэестр. Малым быўшы, сляпых вадзіў: А падросшы і сам брадзіў; Не прыпісаны да сказкі, І так жыву з божай ласкі. Багушэвіч.

•••

Рэвізская сказка (гіст.) — спіс асоб, якія падлягалі абкладанню падушным падаткам (складаўся пры рэвізіі).

скакавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які належыць да пароды коней з высокімі бегавымі якасцямі. Скакавы конь.

2. Які мае адносіны да конскіх скачак, звязаны з імі. Скакавы іпадром. Скакавыя спаборніцтвы.

скака́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Дзіцячая забаўка — вяровачка, цераз якую скачуць, круцячы і перакідваючы яе цераз галаву. Калі Галя скача цераз скакалку, косы з бантамі падскакваюць таксама, і здаецца, што Галя, як верталёт, зараз паднімецца і паляціць у неба. Арабей.

скака́льны, ‑ая, ‑ае.

У анатоміі — які дзейнічае пры скаканні, служыць для скакання. Скакальны сустаў.

скака́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скакаць.

скакану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да скакаць (у 1, 2 знач.).

2. Разм. жарт. Падбегчы, схадзіць куды‑н. хуценька. [Галя:] «І праехаць патрэбна будзе туды-сюды, і ў праўленне калгаса калі скакануць». Ермаловіч. Айцец Мікодым шпарка скакапуў на кухню і вярнуўся адтуль з добрай закускай. Чарот.

скака́цца, скачацца; зак.

Пра жаданне або магчымасць скакаць (у 6 знач.). Лёгка скачацца ўсім. А чаму пяецца? — А таму, што маладым Весела жывецца. Калачынскі.

скака́ць, скачу, скачаш, скача; незак.

1. Рабіць скачок, скачкі; падскокваць. Крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі. Колас. Танцуюць хлопцы «Збуйніцкі» танец, Скачуць з дзяўчатамі цераз касцёр. Танк. Сабакі адразу пазналі Тынэлькута і пачалі віляць хвастамі, радасна вішчаць, скакаць на яго. Бяганская. Кожны раз, як з працы Вечарам прыйду я, Прада мной дачушка Скача і танцуе. Астрэйка. // Рухацца скачкамі. Скачуць з галінкі на галінку вяртлявыя рыжахвостыя вавёрачкі. Якімовіч. На адталым дзірване Павесялелы скача верабей... Лось. // Рабіць спартыўныя скачкі; займацца скачкамі як спортам. Скакаць з парашутам. □ У сектарах было многа юнакоў і дзяўчат, якія скакалі, штурхалі ядро, займаліся на гімнастычных прыладах. Шыцік. // Кідацца ўніз скачком. — Калі купацца можна, дзед? Скакаць у рэчку з вышкі? Бялевіч. Зіна ніколі не скакала ў ваду з такой вышыні, ды і плавала не надта ўжо і добра. Васілёнак. // перан. Імкліва цячы па ўступах, каменні і пад. (аб рэчцы, ручаі і пад.). З другога боку, унізе, скача па кам[янях] вясёлы гаманлівы ручай. Шамякін. // перан. Разм. Мітусіцца, імкнучыся дагадзіць. Такароўцы.. стараліся скакаць перад панам Магдановічам на ўсе лады. Бядуля. // перан. Разм. Мітусіцца (пра думкі і пад.). Цяпер думкі адна за адной скакалі ў яго [Сымона] галаве. Чарнышэвіч.

2. Стукаючыся аб што‑н. цвёрдае, адскокваць убок ці ўверх. Дождж.. Кроплямі па шкле аконным скача... Макаль. Гумавыя шыны лёгка скакалі па кар[анях], і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. Уся.. маленькая постаць [хлопчыка] цягнулася наперад да капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць. Лынькоў.

3. перан. Падскокваючы, рабіць рухі, якія нагадваюць скокі. Коні ў загарадзе пачынаюць скакаць і станавіцца на дыбкі. Мурашка. Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца. Купала. // Дрыжаць, падскокваць, рабіць бязладныя рухі. Над лабавым шклом.. [аўтобуса] скакалі-калаціліся дзве фанерныя закладкі з назвамі «Бабруйск» і «Мазыр». Ракітны. Скакала тупая піла, Звінела, як шкло, асіна. Барадулін. Рукі.. [пані Яндрыхоўскай] калоцяцца, аловак скача па паперы. Крапіва. / Пра полымя, агонь і пад. Мігатлівыя языкі агню весела скакалі над распаленым вуголлем. Арочка. Полымя скакала каля самых [акон], пачынала лізаць сцены. Бураўкін. / Пра святло, цені, водблескі і пад. Сонечная ўбіраецца ў сілу раніца. Вясёлыя водблескі скачуць на люстраной роўнядзі копанкі. Навуменка. Чырвоныя водсветы гарматных выбухаў скакалі на сценах. Мележ. Ад смеху дрыжэла лучынка ў.. руцэ [Надзі], доўгія цені скакалі па сцяне. М. Ткачоў. // Пра знакі, вобразы і пад., што мітусяцца перад вачыма. У хаце быў паўзмрок, і Паўлік.. не адразу змог убачыць постаць дзеда. У вачах яшчэ некаторы час скакалі літары і малюнкі. Шамякін. // Пра вочы, якія выражаюць унутраны стан чалавека. Сцёпка сядзеў на краі табурэта, насцярожаны і натапыраны, як дзядоўнік. А ў вачах скакалі хітрыя агеньчыкі. Хомчанка. У вачах [Зіны] ужо не скакалі былыя чорцікі, якіх пабойваўся некалі Алесь. Шыцік.

4. Разм. Міжвольна трэсціся, дрыжаць (пра часткі цела, твару). На твары скакаў і дрыжаў кожны мускул, трапяталася кожная рыса. Крапіва. На поўнай круглай шыі скакала жылка. Пташнікаў.

5. Разм. Нечакана хутка змяняцца. Тэмпература скача. Цэны скачуць.

6. Разм. Танцаваць. Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты Пад музыку пусціліся скакаць... Купала. — А памятаеш, Марфачка, як мы кадрыль скакалі на тваім вяселлі! — раптам загараецца ўся ўспамінам Таццяна. Васілевіч. Вось і полечка, браточкі! А чаму ж нам не скакаць, Калі ўмеем працаваць. Грамыка.

7. Бегчы наўскач, з вялікай хуткасцю (пра каня). Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў. Галіноўская. Галопам скачуць рысакі. І пада мной палоззе, Як спараваныя смыкі, Іграе на марозе. Смагаровіч. // Ехаць (на кані, конях) вельмі хутка. Скачуць тымі стэпамі казакі. Звонак.

8. Разм. Хутка бегчы да каго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай.

9. Разм. Часта змяняць месца работы, вучобы.

•••

Па сабаку з рота скача — пра таго, хто брыдка лаецца.

Скакаць (танцаваць) пад чыю дудку — рабіць так, як хоча хто‑н., падпарадкоўвацца чужой волі. [Сцёпка:] — Досыць скакаць пад яго [Шупіка] дудку. Хомчанка.

скаку́н, ‑а, м.

1. Конь з высокімі бегавымі якасцямі. Данскі скакун. Арабскі скакун. □ Скача ўлева, скача ўправа Конь-скакун. Чарот. З калгаснай стайні скакуноў Паспешна хлопцы запрагаюць. Танк. З-за ўзгорка на сівым скакуне паказаўся коннік. Гамолка.

2. Пра таго, хто скача (скочыў). [Грышка] падбег да самага краю і падаў руку Мельніку. Але ў яго не хапіла сілы выцягнуць гора-скакуна, і ён сам пачаў з’язджаць уніз. Рунец. // Спартсмен, які займаецца скачкамі. Спаборніцтвы скакуноў на лыжах.. прынеслі перамогу спартсменам «Лакаматыва». «Звязда».

3. Пра таго, хто не сядзіць на месцы, любіць скакаць, бегаць. — Іванка, ты спіш, ці што? Змарыла цябе, скакун ты гэтакі. М. Стральцоў. // перан. Пра тых, хто бегае, вышукваючы выгаду. Тутэйшыя мужчыны.. ведаюць, што дзе робіцца, носам чуюць, дзе рублём пахне. Няхай сабе назараўскія клічуць іх скакунамі. Да дзелавітых людзей мянушка не надта прыстае. Б. Стральцоў.

4. Разм. Той, хто танцуе, умее танцаваць. «Што ж ты стаў, .. Мікола? І чаму ж у круг не хочаш выйсці? Ты ж быў гэткім скакуном калісьці?» Макаль.

5. Жук, які пералятае нібы скачкамі.