Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няўмо́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга ўпрасіць; непахісны. Атрахім прабаваў спрачацца, угаворваць старых. Але яны былі няўмольнымі. Навуменка. Ліза была няўмольная, яна патрабавала неадкладна даць згоду на развод. Гурскі. // Які выяўляе, выказвае непахіснасць, цвёрдасць. — Кладзіся! — зноў пачуўся той жа ціхі, але няўмольны голас. Пальчэўскі.

2. перан. Такі, што нельга парушыць; бясспрэчны. Няўмольная логіка. □ [Андрэй:] — На тваё месца мы назначым сюды другога чалавека. Такое наша няўмольнае рашэнне. Пестрак. // Няўхільны, немінучы; бязлітасны. Няўмольны ход часу паклаў свой выразны адбітак на будынкі. С. Александровіч. Няўмольная хвароба настойліва гнала паэта [Багдановіча] з роднай зямлі, на поўдзень. Майхровіч.

няўпра́ўка, ‑і, ДМ ‑праўцы, ж.

Разм. Немагчымасць выканаць, зрабіць усё, што патрэбна; непаладкі ў чым‑н. Вагонаў пятнаццаць, а то і ўсе дваццаць пяць грузіцца [на станцыі] штодня.. Як дзяжурыць бацька на станцыі, дык ужо і цяжкавата, няўпраўка часам бывае. Шынклер. [Лясовіч:] — З камбайнерамі ў нас няўпраўка, прыйшлося паставіць і Амельку і Віцьку. Хадкевіч.

няўпра́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не можа, не паспявае ўправіцца з кім‑, чым‑н. Цяпер не было боепрыпасаў, і Клямт .. думаў пра бой з трывогаю, лаючы ў душы тылавых службістаў і няўпраўных генералаў, якія не маглі ў свой час пра гэта паклапаціцца. Мележ.

няўпы́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўпыннага.

няўпы́нны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што не спыняецца; бесперапынны. Няўпынным звонам зноў загудзела ўвушшу ляное, беспарадкавае мыканне статка. Мыслівец.

няўпэ́ўненасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан няўпэўненага; адсутнасць упэўненасці. Няўпэўненасць у сваіх сілах. □ Усё неяк адразу стала на сваё месца. Знікла адчуванне адзіноты, няўпэўненасці, смутку. Асіпенка.

няўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.

1. Які сумняваецца ў правільнасці чаго‑н., пазбаўлены веры, упэўненасці. Часам бывае так: быў чалавек няўпэўнены ў якой-небудзь справе, не верыў у яе поспех. І раптам убачыў, што справа дае пэўную карысць. І тады гэты чалавек робіцца самым заўзятым яе прыхільнікам. Зуб.

2. Які выказвае нерашучасць, адсутнасць цвёрдасці. Стук быў ціхі, няўпэўнены, але ён скалануў... Лёдзю. Карпаў. Голас падаўся нясмелы, няўпэўнены, але яго раптам многія падтрымалі, бо ён, відаць, быў тут да месца. Кулакоўскі.

няўра́злівы, ‑ая, ‑ае.

Які не ўспрымае крыўды, насмешкі і пад. Няўразлівы характар.

няўро́бленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан няўробленага. Няўробленасць глебы.

няўро́блены, ‑ая, ‑ае.

Які ніколі або даўно не ўрабляўся (пра зямлю, глебу і пад.); неапрацаваны. Больш за ўсё турбавала дзядзьку тое, што на новым месцы была няўробленая, недагледжаная зямля. Лужанін.