Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нядоўгатрыва́лы, ‑ая, ‑ае.

Які трываў нядоўга. З свайго нядоўгатрывалага замужжа.. [Таццяна] вынесла добрую практыку. Зарэцкі.

нядоўгачасо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які працягваецца нядоўгі час; кароткачасовы. Нядоўгачасовая сувязь. Нядоўгачасовы выезд.

нядо́ўгі, ‑ая, ‑ае.

1. Які цягнецца кароткі час; кароткачасовы. Пасля нядоўгай .. артылерыйскай падрыхтоўкі падраздзяленне чырвонаармейцаў пайшло ў атаку. Колас.

2. Даволі кароткі. Уздоўж паўднёвага вала, пад навіссю рабін, якія густа пунсавелі гронкамі ягад, нядоўгім радком стаялі клеткі. Ракітны.

нядо́шлы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Слабы, кволы. Народ у маёнтку быў дробны, нядошлы. Колас. Кандрат Назарэўскі ўжо ніяк не памятаў бацькаўскага нядошлага каня і разгатай сахі. Чорны. // Які дрэнна расце; чахлы. Брыдуць [людзі] па рыхлай дарозе, паміж нядошлага зарасніку. Брыль.

нядру́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Не звязаны дружбай, узаемнай згодай.

2. Які адбываецца не ў адзін час, нязладжана. Пачуліся адзін за адным стрэлы зенітных гармат. Яны былі нядружныя. Сабаленка.

нядрэ́мны, ‑ая, ‑ае.

Уважлівы, назіральны, пільны. Нядрэмная варта. □ Двое палонных — не асабліва, праўда, спяшаючыся, але ж і варушачыся пад нядрэмным вокам наглядчыкаў — накопвалі за дзень шэсцьдзесят-семдзесят кашоў. Брыль.

нядрэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Даволі добры. [Полаг:] — Тры старшыні змяніліся [у калгасе] пасля вайны. Двое з іх і нядрэнныя людзі былі. Шамякін. [Русаковіч:] — Яна [канструкцыя] нядрэнная, але яе можна зрабіць яшчэ лепшай. Крапіва.

няду́жасць, ‑і, ж.

Стан нядужага; недамаганне. Дзед чамусьці часцей у апошні час скардзіўся на сваю нядужасць, успамінаў нябожчыкаў. Якімовіч.

няду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Недамагаць, хварэць. Настаўніца па нямецкай мове была старая, часта нядужала, мы нават шкадавалі яе. Скрыган.

няду́жы, ‑ая, ‑ае.

Слабы фізічна; хваравіты. Рэдкія асобы заставаліся пры хатах: дзе бабулька старая з дзіцём, дзе нядужы дзядок. Гартны. Падкасіла старога настаўніка хвароба.. Ён два месяцы праляжаў у ложку і цяпер яшчэ быў нядужы. Шамякін.