няве́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.
Наносячы фізічныя пашкоджанні, калечыць каго‑н. [Бярозка] усё больш і больш нагінала галаву, каб аслабіць вяроўку.. Тады збянтэжаны кат загадаў памочнікам, таптаць і нявечыць паланянку. Хадкевіч. Мірановіч нізашто не згаджаўся рэзаць шчаку, не хацеў яшчэ больш нявечыць твар. Марціновіч. // Ламаць, псаваць што‑н. Вецер бязлітасна .. зрывае дах з хат казацкіх, нявечыць, кідае вобзем ды так, што і рады няма як даць... Барашка. // перан. Рабіць дрэнны ўплыў на каго‑н.; псаваць. Нявечыць душу дзіцяці.
няве́яны, ‑ая, ‑ае.
Не ачышчаны ад мякіны (пра збожжа).
няві́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Недаступны для зроку; нябачны. Маленькія камарыкі .. кучкамі гулялі на сонцы, як бы чыясьці нявідная рука трэсла ў паветры маленькую сетачку. Колас. Справа купаліся два ружовыя воблачкі, усміхаючыся нявіднаму з зямлі сонцу. Мележ.
2. Непрыкметны, несамавіты. Была.. [Юзэфа] нявідная, маленькая, хадзіла, вечна сагнуўшыся, і шоргала нагамі па зямлі. Пташнікаў.
няві́ннасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць нявіннага (у 1, 2 знач.). Нявіннасць дзіцяці.
2. Цнота.
3. Адсутнасць віны. [Банадзюк] добра ведае, што навакольныя людзі не павераць у яго нявіннасць. Пестрак.
няві́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Маральна чысты, бязгрэшны. Нявіннае дзіця. □ Калі Алесь узняў галаву і ўбачыў.. [сястрын] прыгожы нявінны тварык, які не кранулі яшчэ ні бяда, ні гора, ні клопаты і турботы, жыцця, у самога яго твар пакрысе пачаў праясняцца. Чарнышэвіч.
2. Наіўны, прастадушны. Прыкінуўся хлопчык Нявінным такім, Як быццам бабулькі Не бачыць зусім. Гілевіч. Сумныя яго [Антуся] вочы глядзелі на ўсё гэта яшчэ ўсё з нявінным непаразуменнем. Чорны.
3. Бяскрыўдны, бясшкодны. Нявіннае жаночае какецтва.
4. Цнатлівы. Перад уяўленнем паўстала яна — нявеста — у падвянечным плацці з вэлюмам, чыстая, харошая, нявінная. Карпаў.
5. Тое, што і невінаваты. [Лабановіч:] — Праўда, Лапаткевічу і Гуліку баяцца няма чаго, бо яны нявінныя: іх подпісы не стаяць пад пратаколам. Колас.
няво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што і без дап.
1. Прымушаць рабіць што‑н. супраць жадання, волі. — Мамачка, давайце адпачнём трошкі, вельмі ж ногі забалелі. — А хіба ж я цябе прасіла, хіба ж я цябе няволіла ісці са мной? — чуліся прыглушаныя хусткай матчыны словы. Сабаленка. [Сымон] раіць Таццяне выйсці замуж за багацея.., раіць, але не няволіць. У. Калеснік.
2. Уст. Пазбаўляць волі; трымаць у няволі. Прыехалі [паліцыянты], заарыштавалі [настаўніка], няволілі ў астрозе і ў жоўтым доме... Гарэцкі.
няво́льнік, ‑а, м.
1. Раб, прыгонны. [Музыкант] слухаў расказы аб [радзіме] ад свайго дзеда, некалі вывезенага сюды на караблі нявольнікаў. Лынькоў. Рукамі нявольнікаў насыпаны .. высокі вал, выкананы глыбокія азёры, канавы, напоўненыя вадою, якія абкружаюць палац Радзівіла. Бялевіч.
2. Зняволены. І раптам Ліда Сцяпанаўна зразумела: гоняць [арыштаваных] да супрацьтанкавага рова.. Яна аглянулася, ці няма якой магчымасці ўцячы, але немцы шчыльным ланцугом абкружылі групу нявольнікаў. Шчарбатаў.
3. перан.; чаго. Чалавек, які знаходзіцца пад уплывам, уладаю чаго‑н. Нявольнік сваіх пачуццяў. □ Чалавек — не нявольнік прыроды, а яе гаспадар, правільней, старэйшы брат, які бязмежна яе любіць і якому яна аддае ўсё, што можа, са сваіх багаццяў. Клімковіч. Са светлай радасцю і з незразумелай трывогай я ўбачыў, што раблюся нявольнікам гэтай чароўнай паненкі. Карпюк.
няво́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да нявольнікаў, уласцівы ім. Нявольніцкая праца. Нявольніцкі рынак. □ Пісьменнік намаляваў галерэю моцных духам людзей, для якіх нявольніцкае існаванне было горш за смерць. Кудраўцаў. // Які мае адносіны да нявольніцтва. Кастрычніцкая рэвалюцыя прынесла народу поўнае вызваленне ад старога, нявольніцкага свету. Лынькоў.