Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мільгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціць няроўным, перарывістым святлом; іскрыцца. Цяпло ішло ад грубкі. У ёй патрэсквалі дровы. Чырвоныя водбліскі мільгацелі на сцяне, на падлозе. Каршукоў. Вунь як быццам мільгацяць у гушчары агеньчыкі. Ці не ваўкі? Гамолка.

2. З’яўляцца ў полі зроку і знікаць, праносіцца перад вачыма. Свішча за сцяною вецер, бразгае на слупе бляшаны абажур, мільгацяць кадры старой кіналенты. Аляхновіч. Зноў дарога. Лугі.. і зялёныя пушчы, шырокія палі спелай збажыны мільгацяць за акном. Мыслівец. // перан. Хутка праносіцца ў памяці. Мільгацяць у галаве здагадкі.

мільга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З’яўляцца, паказвацца на кароткі час і знікаць; з’яўляцца час ад часу. Белая суседчына хустка мільгала за рэдкім плотам. Мікуліч. // перан. З’яўляцца, праносіцца ў памяці. Не раз мільгала думка — стаць ляснічым, садзіць бярозы і сосны. Навуменка. Нешта даўно забытае мільгала ў памяці. Чарнышэвіч.

2. Хутка праносіцца адно за другім, зменьваючы адно другім. Міма вокнаў вагона мільгаюць пералескі, злёгку кранутыя пазалотай восені. Шахавец. Міналася спусцелае поле і голыя гайкі, і мільгалі на спатканне тэлеграфныя слупы. Гарэцкі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціць коратка, з перарывамі; бліскаць. Насупраць мільгаюць зарніцы, Гудуць урачыста гудкі. Хведаровіч. — Глядзіце, глядзіце! Вунь там мільгае агеньчык! Скрыпка.

мільгну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Тое, што і мільгануцца.

мільгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Тое, што і мільгануць.

мільго́ткі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мільгаціць (у 1 знач.). Мільготкі, маленькі, як іскрынка, агеньчык запальнічкі трохі разагнаў змрок. Быкаў.

мільён, ‑а, м.; ліч. і наз.

1. Ліч. кольк. Лік і лічба 1.000.000. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 1.000.000. Два мільёны рублёў.

2. звычайна мн. (мільёны, ‑аў). Вельмі вялікая колькасць каго‑, чаго‑н.; мноства. Па франтонах, па карнізах І па трубах сонца льецца І ва ўсіх фантанах знізу На мільёны пырскаў б’ецца. Гілевіч. // Разм. Вельмі вялікая сума грошай. Атрымліваць мільёны рублёў даходу. // Пра народ, людскія масы. Мільёны паўсталі супроць каланіялізму.

[Фр. million.]

мільённы, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да мільён. Мільённая частка метро.

2. Які ацэньваецца ў мільён, складае, налічвае мільён (мільёны). Сельскагаспадарчы год прынёс калгасу мільённы даход. Шчарбатаў. Мінская магістраль!.. Па табе пойдуць на беларускую зямлю тысячы салдат, каб вярнуць зноў наш народ у мільённую дружную сям’ю. Мележ.

мільёншчык, ‑а, м.

Разм. Тое, што і мільянер. [Лайзан:] — А калі чый калгас яшчэ не мільёншчык, дык хай падумае пра мільён. Броўка.

мільяне́р, ‑а, м.

Уладальнік багацця, якое ацэньваецца ў мільён, мільёны (якіх‑н. грашовых адзінак). У гасцініцы «Анфа» спыняюцца замежныя мільянеры, амерыканскія кіназоркі і дыпламаты. В. Вольскі.

[Фр. millionnaire.]

мільяне́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да мільянер.