Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лаве́ц, лаўца, м.

Той, хто стала займаецца лоўляй каго‑, чаго‑н. як промыслам. Лаўцы малюскаў. □ На лаўца і звер бяжыць. Прыказка. // Той, хто ловіць каго‑, што‑н. Зрабіўся я лаўцом сваіх надзей. Гурло.

лаве́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лаўца. Лавецкі промысел. Лавецкая снасць.

лаві́на, ‑ы, ж.

1. Вялікая маса падаючага з гор снегу, лёду; снежны абвал. Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсё большую і большую імклівасць і, абрастаючы снегам, павялічваючыся, ён ператвараецца ўрэшце ў грозную лавіну, якая змятае ўсё на сваім шляху. Лынькоў.

2. перан. Імклівая, нястрымная маса каго‑, чаго‑н. Лавіна коннікаў. □ Лавіна разгневаных людзей кінулася ўдагонку, усё змятаючы на сваім шляху. Гурскі. Праз адчыненыя насцеж парадныя дзверы з непахіснай рашучасцю імчыцца з ганка лавіна дзяцей. Гарбук.

3. у знач. прысл. лаві́най. Суцэльным патокам. Танкі ішлі лавінай. □ Лавінай хлынулі я барака ўсе як адзін. Ішлі доўгім сабраным натоўпам, плылі адзінай хваляй. Пестрак.

[Ням. Lawine.]

лаві́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лавіны. Лавінны снег.

лаві́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лавіраваць.

лаві́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; заг. лавіруй; незак.

1. Рухацца пад парусамі супраць ветру, мяняючы напрамак судна; плысці з частымі пераменамі курсу ў абход падводных скал, мелей, ільдзін і пад. З затону ў мора выйшаў першы сейнер, Лавіруючы ўмела паміж крыг. Звонак.

2. Рухацца не прама, а зігзагамі, абмінаючы перашкоды. Машына абганяла фурманкі, лавіравала паміж грузавікоў, даючы кароткія сігналы. Мікуліч.

3. перан. Умела выходзіць з цяжкага становішча, ухіляцца ад чаго‑н. Вінаваты .. [у няўдачы] быў і няўжыўчывы характар Хадасевіча, гэты хлопец ніколі не ўмеў лавіраваць і заўсёды ішоў напралом. Арабей.

[Ад гал. laveeren.]

лаві́цца, ловіцца; незак.

1. Пападацца ў сетку, сіло, пастку і пад. (пра звяроў, рыбу і інш.). — Некалі ля гэтага лазняку вельмі ж добра лавілася рыба. Ляўданскі.

2. Зал. да лавіць.

лаві́ць, лаўлю, ловіш, ловіць; незак., каго-што.

1. Хапаць каго‑, што‑н. на ляту. Лавіць мяч. □ Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі і на ляту блінцы лавілі. Колас. // Імкнуцца дагнаць, схапіць таго (тое), што аддаляецца, ухіляецца. Увішна Нінку ловіць Петрык. Смагаровіч. // Намацваючы, адшукваючы, браць, затрымліваў. Лёгшы ў пасцель, [Міхаська] мяккімі пальчыкамі ловіць матчыну руку. Скрыган. А падыдзе Нямко, дык [конь] ловіць губамі яго руку, трэцца мордаю аб вопратку, ла[шчы]цца як шчанё. Кулакоўскі.

2. Здабываць (рыбу, звяроў, птушак) з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў. Лавіць невадам рыбу. Лавіць сеткай птушак. □ Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. Лынькоў. // Мець сталым заняткам промысел, здабычу каго‑н. Ён — паляўнічы, ён — рыбак, Страляе, ловіць, пяе песні. Колас. [Бацька:] — Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце. Якімовіч.

3. Разм. Высочваць, вышукваць, каб затрымаць, арыштаваць, абясшкодзіць. Лавіць кантрабандыстаў. □ Седас уеўся людзям у косці так, што .. перад самым адыходам польскага войска яго лавілі, падпільноўвалі, каб не выпусціць жывога з рук. Чорны. // Старацца заспець, захапіць каго‑н. у пэўным месцы, за пэўным заняткам. Каля самай вёскі Вару сустрэў Даніла. Ён часта лавіў яе на вячэрніх сцежках. Дуброўскі.

4. Не прапускаць магчымасці для ажыццяўлення чаго‑н., выбіраць зручны момант. Мы лавілі кожную хвіліну перадышкі, каб прылегчы ці .. па чарзе падрамаць. Шамякін. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Колас.

5. перан. Успрымаць слыхам, зрокам, розумам. Лавіць погляд таварыша. □ Лемяшэвіч з непакоем назіраў, з якой зачараванасцю лавіў Алёша кожнае слова сакратара. Шамякін. Ніна прагна, з вострай увагай прыглядалася да ўсяго, лавіла гукі жыцця. Мележ. // Убіраць у сябе, паглынаць, затрымліваў. Праходжу моўчкі я начную плошчу, і ловяць сутарэнні гулкі крок. Панчанка. Непадалёку ўжо стаяць аграмадныя люстры, ловяць сонца, даюць энергію для мініяцюрных буравых машын і адбойных малаткоў. Гамолка.

6. перан. Разм. Настройваць радыёпрыёмнік на пэўныя хвалі, прымаць радыёсігналы. Сёння свята. Па радыё Я лаўлю Маскву. Куляшоў.

7. перан. Разм. Выкрываць, абвінавачваць каго‑н. у чым‑н. Лавіць на хлусні.

•••

Варон лавіць — тое, што і варон страляць (гл. страляць).

Лавіць бягучага воўка след — пра марныя пошукі каго‑н.

Лавіць вецер у полі — тое, што і шукаць ветру ў полі (гл. шукаць).

Лавіць вухам — прыслухоўвацца.

Лавіць на ляту — лёгка успрымаць пачутае.

Лавіць на слове (словах) каго — а) карыстаючыся сказаным, прымусіць каго‑н. зрабіць або паабяцаць зрабіць што‑н. з таго, аб чым было сказана; б) скарыстаўшы агаворку, супярэчнасць у словах субяседніка, прыпісваць яму тое, чаго ён не думаў гаварыць. — Гэта што — пагроза, таварыш Наготка? — ловіць на слове Кацялёў. Шамякін.

Лавіць сябе на чым — нечакана заўважаць у сабе якую‑н. новую схільнасць, асаблівасць і пад. Я часта лаўлю сябе на тым, што пішу не так, як гавару. Скрыган.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць — мець выгаду з чаго‑н., карыстаючыся няяснасцю абставін, чыімі‑н. цяжкасцямі, няўдачамі і пад.

лаг, ‑а, м.

Спец.

1. Прыбор для вымярэння хуткасці руху судна або пройдзенай ім адлегласці.

2. Борт судна.

[Гал. log.]

ла́га, ‑і, ДМ ‑лазе, ж.

1. Часовая падкладка, апора пад што‑н. у форме нятоўстага бервяна, жэрдкі. Перакочваць бярвенне па лагах.

2. Абл. Падваліна. — Нам трэба [лес] на стойкі, на ніжнія вянцы, на лагі, каб падлога не гніла, — пералічваў Сільчанка. Пальчэўскі.