знішча́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Вялікай разбуральнай сілы; згубны, смяртэльны. Адкрыць знішчальны агонь па ворагу. // Які вядзецца з мэтай разбурэння, знішчэння. Знішчальная вайна.
2. Створаны, прызначаны для знішчэння каго‑, чаго‑н. Знішчальная авіяцыя. Знішчальны батальён.
3. Рэзкі, бязлітасны. Знішчальная крытыка. Знішчальная іронія.
4. Які выяўляе пагарду, нянавісць. Байкоў кінуў на свайго падначаленага знішчальны позірк. Шамякін. Толькі зараз жа адчуў [Цярэшка], што лепш бы праваліцца яму ў зямлю, чымся спаткацца з такою знішчальнай пагардай у такіх вялізных вачах. Быкаў.
зні́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад знішчыць.
знішча́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да знішчыцца.
2. Зал. да знішчаць.
знішча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да знішчыць.
зні́шчыцца, ‑чыцца; зак.
Трапіўшы пад згубнае ўздзеянне каго‑, чаго‑н., спыніць сваё існаванне; знікнуць, загінуць. [Бамбардзіроўкай] накрывалася зямля крок за крокам. Так няйначай павінна была знішчыцца артылерыя, што спыніла тут увесь рух на ўсход. Чорны.
зні́шчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
Згубным уздзеяннем спыніць існаванне каго‑, чаго‑н. Знішчыць ваўкоў. □ На зямлі сваёй ворага знішчу, як гадзюку, яго растапчу. Астрэйка. // Ліквідаваць. Знішчыць прыгнёт. □ Была тады ўжо ў вёсцы думка — зусім знішчыць межы і вузкія палоскі. Чорны. [Лабановіча] займала адна думка: як знішчыць даклад, каб не папаў ён у рукі паліцыі? Колас.
знішчэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. знішчаць — знішчыць.