дубля́ж, ‑у, м.
Замена моўнай часткі гукавога фільма перакладам на іншую мову.
[Ад фр. doublage — падваенне.]
дубня́к, ‑у, м.
Малады дубовы лес. У дубняку густы пах прэлага лісця і жалудоў ап’яняў змораных людзей. Шамякін. Густы лес пачаў радзець, на змену вялікім дрэвам пайшоў малады дубняк. Васілеўская.
дубо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да дуба (у 1 знач.). Дубовы лес. Дубовы ліст. Дубовы корань. // Зроблены з дубу. Дубовы стол. Дубовыя дзверы. Дубовая паля.
2. перан. Разм. Грубы, нязграбны, няскладны. Дубовы стыль. Дубовая мова. □ Толя злуе, што ў мяне тупы слых і дубовыя пальцы. Скрыган. // Нячулы, чэрствы, абыякавы да іншых. — У вашага сына, мабыць, такое дубовае сэрца, што нічым яго не прасвідруеш. Бядуля.
•••
Дубовая галава гл. галава.
дубо́к, ‑бка, м.
Памянш.-ласк. да дуб (у 1 знач.); малады невялікі дуб. А тым часам пачаўся лес, — спачатку кусты на куп’і, пасля, прылесак — бярозкі, дубкі, алешнік, елачкі. Брыль.
дубро́ва, ‑ы, ж.
Невялікі лісцевы лес; гай. Дарога вілася між густых дуброў, але часта насустрач нам нечакана выбягаў малады сасоннік. Хведаровіч. Праз дарогу цягнуліся калгасныя палеткі, дзе-нідзе перарэзаныя невялікімі бярозавымі пералескамі ці дубровамі. Шчарбатаў. // Дубовы лес. Дубнячок, што некалі.. ледзь дасягаў чалавечага росту, цяпер .. стаў суцэльнай дубровай. Ракітны. Усё ж шыракалістыя пароды сустракаюцца, а месцамі нават утвараюць невялікія дубовыя ляскі, так званыя дубровы. Гавеман.
дубро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўны, ж.
Шматгадовая (радзей адна‑, двухгадовая) травяністая ці паўкустовая расліна сямейства ружакветных.
ду́бчык, ‑а, м.
Памянш. да дубец; невялікі дубец. У кустах на выгане, пры чарадзе гусей, стаяла з дубчыкам у руках малая дзяўчынка. Якімовіч.
дубяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Мерзнучы, страчваць рухомасць, адчувальнасць. Прабіраў мароз. Дубянелі рукі і ногі, трэслася ўсё цела ад холаду. Капыловіч.
2. Зацвердзяваць, карчанець (пра труп). — Праз паўгадзіны [жывец] дубянее, а нежывога шчупак не бярэ. Ляўданскі.
дубяны́, ‑ая, ‑ое.
Цвёрды, нягнуткі. Дубяная скура. □ І ўсё цела — не яго. Яно пруткае, дубяное. Баранавых.
дува́л, ‑а, м.
Гліняная агароджа вакол кібіткі (пераважна ў Сярэдняй Азіі).