няшко́дны, ‑ая, ‑ае.
Які не з’яўляецца шкодным. Няшкодная вытворчасць. // Які не здатны зрабіць каму‑н. шкоды. Калі быў цвярозы, айчым здаваўся маўклівым і няшкодным чалавекам. Васілевіч.
няшма́т, прысл.
Тое, што і нямнога. Народу было няшмат. Асіпенка. На такой гаспадарцы, як наша, зімой работы няшмат. Брыль.
няшта́тны, ‑ая, ‑ае.
Які не ўваходзіць у штат 2 (у 2 знач.). Няштатны работнік.
няшча́дны, ‑ая, ‑ае.
Бязлітасны. Мінаем час няшчаднай смерці, Смуткуем зноў аб ім усе, І кожны з нас глыбока ў сэрцы Часцінку Леніна нясе. Глебка. Тройчы Мы закладвалі падрубы: Лёс няшчадны Селішча знішчаў. І. Калеснік. // Вельмі моцны па сіле праяўленяя. Ці стаяла няшчадная спёка, ці тугі вецер дзьмуў у твар, .. ён ішоў.. поўны надзей, упэўнены, што ўсё пераможа. Хадкевіч.
няшча́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які церпіць гора, бяду, перажывае няшчасце. — Лютую смерць прыняў чалавек... — І хто б то мог быць? Наш брат, партызан? Няшчасны ўцякач з палону? Лынькоў. [Арына] бачыла перад сабой толькі няшчасную жанчыну і маці, адчуванні якой добра разумела. Маўр. // у знач. наз. няшча́сны, ‑ага, м.; няшча́сная, ‑ай, ж. Чалавек, які зазнаў многа гора, крыўды і пад. Маці плакала: «Няшчасны, Праз каго я свечкай гасну На чужыне?» Бажко. // Які выражае прыгнечаны, гаротны і пад. стан. Няшчасны выгляд.
2. Які з’яўляецца няшчасцем, заключае ў сабе няшчасце. [Вейс:] — Гэта звычайнае крушэнне, якія здараюцца часам на чыгунках. Няшчасны выпадак. Лынькоў. // Трагічны, гаротны. Няшчаснае жыццё.
3. Які прыносіць няшчасце або прадвяшчае яго. Няшчасны дзень. // Які прычыняе непрыемнасці; злашчасны. [Наталля:] Я вінавата ў тым, што, ведаючы твой няшчасны характар, не асцерагалася і дала табе прычыну для падазрэння. Крапіва.
4. Разм. Нікчэмны, мізэрны. [Цімох:] — Бедныя былі ў нас людзі, па ваработках цягаліся, служылі за няшчасныя рублі, за скарынку хлеба. Колас. // Ужываецца як лаянка. Насця спынілася перад здраднікам, з агідай паглядзела на яго і ціха, але выразна сказала: — Дык гэта ты прадаў Андрэя? Чарвяк ты няшчасны! Погань ты! Шамякін.
няшча́сце, ‑я, н.
1. Бяда, гора; няшчасны выпадак. Мяне сустрэла першае вялікае няшчасце ў маім жыцці. На лаве пад абразамі ляжыць мой бацька — жоўты, як воск, з заплюшчанымі вачыма. Бядуля. Аднойчы здарылася няшчасце. Студэнту Падацюку шасцернямі сеялкі раструшчыла палец. Дуброўскі.
2. Няўдача, адсутнасць поспеху. Вадзік з усіх сіл шмаргануў вудзільна.. Вось няшчасце — зачапіўся кручок! Гамолка. Паўстанцы таксама любілі гэту дзікую, чарнавокую дзяўчынку, якая парою выручала іх ад голаду і іншага няшчасця. Чарот.
няшчы́льны, ‑ая, ‑ае.
Такі, у якім састаўныя часткі не цесна прылятаюць адна да другой; рэдкі. Няшчыльныя дзверы.
няшчы́расць, ‑і, ж.
Уласцівасць няшчырага (у 1 знач.); крывадушнасць. Па тону размовы, па ўсім Галя адчула няшчырасць гэтага чалавека, нават нейкі здзек з яе гора, і выбегла з кабінета. Сабаленка. [Вочы] глядзелі проста, адкрыта, у іх не было крыўды ці якой-небудзь няшчырасці. Кулакоўскі.
няшчы́ры, ‑ая, ‑ае.
1. Які тоіць ад іншых свае сапраўдныя пачуцці, думкі; фальшывы, крывадушны. — Калі чалавек сам няшчыры, дык ён і другім не верыць. Ваданосаў. [Кашын і Комлік] былі вартыя адзін аднаго, абодва няшчырыя і дробязныя, якія дбалі толькі аб сабе... Карпаў. // Які не выказвае сапраўдных пачуццяў і думак; прытворны. На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая. Колас.
2. Які не вызначаецца шчырасцю, стараннасцю, дбайнасцю. Апраўдвацца Міхась не стаў — няшчырыя адносіны да работы перад прафесарам не апраўдаеш. Шахавец.
няя́ркі, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены яркасці; даволі цьмяны. Вячэрняе сонца, ідучы на спачын, залівала роўным, няяркім святлом суседні парк. Паслядовіч. На машынах у цэху, дзе працаваў Вася, друкаваліся дзіцячыя кніжкі, і часам малюнкі выходзілі няяркія, невыразныя, фарбы расплываліся. Сапрыка.
2. перан. Які не кідаецца ў вочы; малапрыкметны. Тым часам вёска, што прытуліла Юзіка, важыла на шырокую нагу.. І толькі Юзік несамавіта выдзяляўся сярод усіх сваёй няяркай вопраткай. Хадановіч. Як толькі цёмнаю ноччу Вочы свае закрываю, Адразу я Оршу бачу З яе няяркай красой. Караткевіч. // Які нічым не вылучаецца; звычайны. Няяркае жыццё.