усу́шванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. усушваць — усушыць.
усу́швацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да усушыцца.
2. Зал. да усушваць.
усу́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да усушыць.
усу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Колькасць страчанага прадукта пры высыханні. Нормы ўсушкі. / у іран. ужыв. Калі ў краме ёсць нястача, Дык «усушка» там, няйначай, Ці «утруска», ці мо’ «мышы» — Так заўсёды ў актах піша. Крапіва.
усушы́цца, усушыцца; зак.
1. Стаць сухім, высушыцца.
2. Убавіцца ў вазе ў працэсе сушкі.
усушы́ць, усушу, усушыш, усушыць; зак., каго-што.
1. Зрабіць сухім, высушыць.
2. Убавіць у вазе ў працэсе сушкі.
3. перан. Разм. Давесці да схуднення, знямогі. Усушыла Гану ля Андрэя.
усхадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.
Дайсці да крайняй ступені праяўлення чаго‑н., раз’юшыцца. Дзед Нупрэй так усхадзіўся з нажом, што нечакана аж перарэзаў грабільна і, плюнуўшы злосна, кінуў яго за плот. Лынькоў. — Гэта ж пяць вёрст да тае школы, а зімою без ботаў і кажуха хлопец замерзне. А дзе я іх вазьму яму? — усхадзілася бабка. Каліна. У засценку ўсхадзіліся пеўні, спявалі без пары, — напэўна, на перамену надвор’я. Чарнышэвіч. // Пачаць дурэць, сваволіць. Усхадзіліся дзеці — не суняць. // Пачаць бушаваць, разбушавацца (пра з’явы прыроды). Усхадзіўся вецер. □ Усхадзіўся лес шумлівы, — Вые воўк. Конь спаткнуўся палахлівы. Стой, яздок! Чарот. [Дзяўчына:] — Мароз страшэнны, завіруха ўсхадзілася такая, што, здаецца, машыну перакуліць. Марціновіч. // Абвастрыцца (пра хваробы). Калі ўсходзіцца радыкуліт, можна грэлку прыкласці. Гроднеў. Той дзень.. [жанчына] ледзь дабыла да вечара — усхадзіўся жывот, ламала паясніцу, паднялася гарачка. Дамашэвіч.
усхапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак.
1. Хутка ўстаць. Гарбачоў усхапіўся з крэсла, захадзіў па кабінеце. Шашкоў. Хлапчукі паўзком па разоры, па разоры — назад да гумна. Усхапіліся, пабеглі. Паўлаў. // Хутка стаць на ногі. Усхапіўся [Назар] на ногі і хуценька пачаў абуваць чаравікі, быццам і яму трэ было спяшацца на работу. Сабаленка. // Разм. Прачнуўшыся, хутка падняцца з пасцелі; рана ўстаць. Будзіць не давялося: і Раечка і Сямён усхапіліся. Лобан. Назаўтра Міхась усхапіўся да сонца. Якімовіч.
2. перан. Хутка і нечакана пачацца. Пасля адлігі ўсхапіўся мароз. □ Хутка ўсхапілася полымя. Затрашчала, загуло. Гаўрылкін.
3. З’явіцца, ускочыць (пра мазалі, прышчы і пад.). На далонях у хлопцаў усхапіліся крывавыя мазалі. Карпаў. А з Адамам Капам здарылася бяда — ён заснуў на сонцы і назаўтра ў яго ажно пухіры на жываце ўсхапіліся. Нядзведскі.
усхвале́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. усхваляць — усхваліць; праслаўленне.
усхва́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад усхваліць.