усхапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак.

1. Хутка ўстаць. Гарбачоў усхапіўся з крэсла, захадзіў па кабінеце. Шашкоў. Хлапчукі паўзком па разоры, па разоры — назад да гумна. Усхапіліся, пабеглі. Паўлаў. // Хутка стаць на ногі. Усхапіўся [Назар] на ногі і хуценька пачаў абуваць чаравікі, быццам і яму трэ было спяшацца на работу. Сабаленка. // Разм. Прачнуўшыся, хутка падняцца з пасцелі; рана ўстаць. Будзіць не давялося: і Раечка і Сямён усхапіліся. Лобан. Назаўтра Міхась усхапіўся да сонца. Якімовіч.

2. перан. Хутка і нечакана пачацца. Пасля адлігі ўсхапіўся мароз. □ Хутка ўсхапілася полымя. Затрашчала, загуло. Гаўрылкін.

3. З’явіцца, ускочыць (пра мазалі, прышчы і пад.). На далонях у хлопцаў усхапіліся крывавыя мазалі. Карпаў. А з Адамам Капам здарылася бяда — ён заснуў на сонцы і назаўтра ў яго ажно пухіры на жываце ўсхапіліся. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)