няцвёрдасць, ‑і, ж.
Уласцівасць няцвёрдага; адсутнасць цвёрдасці.
няцвёрды, ‑ая, ‑ае.
1. Якому не ўласціва цвёрдасць, даволі мяккі. Няцвёрды грунт.
2. перан. Няўпэўнены, хісткі. Наталля Пятроўна ў жаху адхіснулася і няцвёрдым крокам выйшла з хаты. Шамякін. «Дарагая, любая мамачка», — пісала яшчэ няцвёрдая, але старанная дзіцячая рука. Кірэенка.
3. перан. Такі, якому не ўласціва рашучасць, цвёрдасць. // Уласцівы такому чалавеку. Няцвёрды характар. // Які выражае нерашучасць. Няцвёрды адказ.
няцо́тны, ‑ая, ‑ае.
Які не дзеліцца на два (пра цэлыя лікі). Няцотны лік.
няця́жка,
1. Прысл. да няцяжкі.
2. безас. у знач. вык. Без цяжкасці. Няцяжка ўявіць, які ў мяне быў сон у гэтую ноч. Ляўданскі.
няця́жкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які не патрабуе вялікіх намаганняў, не з’яўляецца цяжкім для ажыццяўлення, вырашэння і пад. І, сказаць жа, работа на лузе няцяжкая. Колас. Самае няцяжкае было — стаяць, маўкліва, ціха, і ні аб чым не думаць. Мележ.
2. Які мае невялікую вагу. Куфэрак быў няцяжкі, але пасля ўчарашняй страшнай ночы ды па такой дарозе несці яго было і цяжка і няёмка. Чарнышэвіч.
3. Не сур’ёзны (пра хваробу, рану, хворага). — Гэты [ранены] — лягчэйшы, — гаворыць Марыя Сцяпанаўна. — Два няцяжкіх пашкоджанні — галава і бядро. Брыль. Амаль кожны дзень я праведваў Грачыка, і ён рады быў таму, што ў яго няцяжкая рана і яго не будуць эвакуіраваць у тыл. Сабаленка.
няця́млівасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць няцямлівага.
няця́млівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які цяміць з цяжкасцю; нездагадлівы. Няцямлівы чалавек.
няча́сты, ‑ая, ‑ае.
Які адбываецца, здараецца, паўтараецца і пад. не вельмі часта; рэдкі. У тайзе мароз шчапаў дрэвы, ноч далёка і доўга раскідвала гучнае рэха, і Цаліна, якая ўжо засынала, пачула гэтыя нячастыя марозныя гукі. Савіцкі.
нячленараздзе́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нячленараздзельнага.
нячленараздзе́льны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены членараздзельнасці; невыразны. Нячленараздзельныя гукі.