Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няўця́мны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, што цяжка зразумець, усвядоміць; незразумелы. Няўцямныя думкі прыгняталі Андрыяна. Марціновіч. Базыль нешта няўцямнае мармытнуў і заспяшаўся даганяць Піліпа. Сачанка. // Які выклікае недаўменне; загадкавы. Здарылася нешта няўцямнае. Адбыўся неверагодны выпадак, верыць якому не хацелася. Лупсякоў.

2. Які выяўляе неразуменне чаго‑н. або адсутнасць думак аб чым‑н. На гэты раз Сцяпан даўжэй глядзеў няўцямнымі вачыма на прысутных. Пальчэўскі. Надзя расплюшчыла вочы, няўцямным поглядам абвяла клець. Бураўкін.

няўча́с, прысл.

У непадыходзячы момант. З’явіцца няўчас.

няўча́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які наступіў вельмі рана; заўчасны. Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл, Адшліфованы цэгл[а] і камень, — Гэта памяткі-пліты з няўчасных магіл. Купала.

2. Які адбываецца ў непадыходзячы момант. Радасць вяртання, блізкай сустрэчы з роднай дамоўкай перамяшалася з няўчасным сумам. Мележ.

няха́й, часціца і злучнік.

1. часціца. У спалучэнні з дзеясл. 3 асобы адз. і мн. ліку цяпер. і буд. простага часу абвеснага ладу ўтварае загадны лад са значэннем: а) загаду, пабуджэння, неабходнасці. — Перадай пракурору, няхай пачакае — вызвалюся, паедзем разам глядзець. Карпаў. А ён адказваў мне: — Няхай Стаяць [курганы] на страх варожай сіле. Кірэенка; б) дазволу, згоды, уступкі. — А мы.. [крыніцы] выпусцім на прастор, — няхай бягуць, няхай звіняць, няхай працуюць на нас! Брыль. — Няхай будзе так, — згадзіўся Янка. Якімовіч; в) урачыстага закліку, пажадання. Няхай наша дружба цвіце. Колас. [Дзямід Сыч:] — Няхай іржавеюць сабе дапатопныя сярпы, і няхай звініць на нашых палетках гартаваная сталь камбайнаў. Паслядовіч. [Дзед:] — Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны. Лынькоў.

2. часціца. У спалучэнні з часціцай «бы» (з дзеясловамі ўмоўнага ладу) выражае дапушчэнне з адценнем пажадання магчымасці дзеяння, якое не адбылося. [Стралец:] — Няхай бы ты хоць якую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць. Якімовіч. Вось і сама я пашкадавала чалавека. А няхай бы на прыкладзе гэтага ўчастковага навучыліся іншыя. Асіпенка.

3. часціца. Разм. У сказах з дзеясловамі загаднага ладу ўзмацняе нежаданне. Няхай ты згары! □ — Ай, няхай ты запаветрай, ты ўсё жартуеш. Чорны.

4. злучнік уступальны. а) Ужываецца ў даданых сказах з уступальным дапушчэннем у значэнні «хоць», «нягледзячы на тое», «што». Няхай імя яго Было нам невядома — Мы неслі ўсе яму Свой лепшы шчыры дар. Глебка. // У даданых сказах з уступальным дапушчэннем, толькі з адценнем проціпастаўлення. Няхай сабе пясчаны гэты кут, Няхай няма ў ім роскашы паўднёвай, Ды мілы ён. Колас. Няхай усё гэта песня нагадала, Але я веру: будзе горад мой Такім, куды Скарына і Купала З плеядай слаўных прыдуць грамадой. Танк. б) Далучае ўступальныя звароты з абмежавальным значэннем. [Уладзіміру] было прыемна ўсведамляць, што ў гэтай вялікай творчасці мільёнаў прымае ўдзел ён, няхай на першы час хоць вучнем. Данілевіч.

•••

Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць) гл. бог.

Няхай ведаюць (знаюць) нашых гл. ведаць.

Няхай жыве! гл. жыць.

Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) качкі (стопчуць) гл. качка.

Няхай яго, (яе, іх, цябе, вас) немач гл. немач.

няхва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці; недахоп чаго‑н. [Віхура:] Справа такая: няхватка рабочых, некаторае спазненне будаўнічай часткі не павінна спыніць работы па мантажу... Гурскі. Красніцкі спаслаўся на няхватку часу, і, падзякаваўшы яшчэ раз за шчырую гасціннасць, мы выйшлі на вуліцу. Пальчэўскі.

2. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; нястача. Была не лёгкая пара, часамі не хапала тэхнікі, .. былі няхваткі і з харчамі. Сташэўскі. Пратасевічы, жывучы сям’ёй у Мінску, не ведалі няхваткі ні ў чым неабходным. Аднак запасаў.. не мелі. Васілевіч.

няхі́тра,

1. Прысл. да няхітры.

2. безас. у знач. вык. Проста, нескладана. [Леанід Ахрэмавіч:] — Выстраіць жа будынкі, якія б яны ні былі, уздоўж, скажам, нашага бальшака няхітра. Хадкевіч.

няхі́трасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няхітрага.

няхі́тры, ‑ая, ‑ае.

1. Далёкі ад хітрасці; прастадушны. Юзік быў просты, няхітры і не вельмі разумны. Чарнышэвіч.

2. Просты, нескладаны, немудрагелісты. Антон ускінуў на плечы чамаданчык з няхітрымі сваімі манаткамі, азірнуўся наўкол і пайшоў проста па пуцях. Васілёнак. У пачатку паказвалі кіначасопіс. Анатоль Макаравіч любіў часопісы — няхітрыя расказы пра нашых сучаснікаў. Шамякін. Стол быў застаўлены няхітрай, але цудоўнай вясковай закускай: малако салодкае і кіслае, сыр, адвараная бульба, нарэзанае скрылікамі сала, яечня, маласольныя агуркі. Сапрыка.

няхо́джаны, ‑ая, ‑ае.

Такі, па якім не хадзілі, не ходзяць. Зарослая зялёным мохам, няходжаная сцяжынка вяла ў гушчар. Шыцік.

няхо́дкі, ‑ая, ‑ае.

Які не мае попыту (пра тавар). [Загадчык:] — Талент прадаўца ў тым і заключаецца, каб умела і хутка збыць ходкі і няходкі тавар. Нядзведскі.