няўто́мны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і нястомны. Дзень добры, народ беларускі, няўтомны ў працы. Пушча. Творчасць — перш за ўсё настойлівая праца, няўтомныя пошукі, пакуты і радасці знаходак. Хадкевіч.
няўту́льна,
1. Прысл. да няўтульны.
2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць утульнасці дзе‑н. Было няўтульна, нават холадна. На папялішчах, нібы шкілеты, дзе-нідзе стаялі адзінокія печы. Чыгрынаў.
3. безас. у знач. вык. Пра непрыемнае, тужлівае пачуццё. Няўтульна і пуста ў душы, Няма ў яго сэрцы спакою. Колас.
няўту́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан няўтульнага. Гасцей я ў свой пакойчык не запрашаў і за халасцяцкую няўтульнасць саромецца не было перад кім. Сабаленка. Хлопца адразу ахапіла восеньская начная няўтульнасць. Быкаў.
няўту́льны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены ўтульнасці. Пакойчык быў запушчаны, даўно нябелены, змрочны і няўтульны. Колас. Настаўнікі ніколі не заглядалі на станцыю, механікі прыходзілі хіба толькі па кінакарціну ў няўтульны і халодны клуб. Шамякін.
няўхі́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць няўхільнага. Няўхільнасць падзей. □ З жорсткай няўхільнасцю і паслядоўнасцю знішчаў.. [Нікодым] тое, што ствараў сам увесну тысяча дзевяцьсот сорак першага года. Паслядовіч.
няўхі́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае адхіленняў ад чаго‑н., пастаянны; нязменны. Няўхільны рост прадукцыйнасці працы. Няўхільны ўздым матэрыяльнага дабрабыту. // Цвёрды, непахісны. Галадай заўжды ведаў, чаго хацеў, і быў няўхільны ў сваіх намерах. Быкаў. Без прынук мы імкнём, няўхільныя, да мэты, прыгажэем, як і горад гэты, што ўзнялі яднаннем душ і рук. Русецкі.
2. Такі, што нельга парушыць, які не падлягае змяненню; абавязковы. Няўхільны закон.
3. Які непазбежна вынікае з абставін; немінучы. І чуе Цімох — і пад ім Звісае няўхільная кара. Колас. А здаралася ўсё гэта, калі ўспамінаць па парадку, не так сабе, .. а, як напэўна сказаў бы інжынер Лось, у выніку няўхільнага і заканамернага развіцця падзей. Краўчанка.
няўце́шнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць няўцешнага. Няўцешнасць болю.
няўце́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што немагчыма суцешыць, супакоіць. Хіліла маці галаву Над папялішчам, над магілай. Але няўцешную ўдаву Навала тая не скарыла. Шушкевіч.
2. Вельмі моцны па сіле праяўлення (пра гора, слёзы і пад.). — Шабуня памёр, — сказаў Туравец. — Памёр? — перапытаў Крайко. — Эх! — У гэтым «эх» Туравец адчуў няўцешную крыўду і боль. Мележ.
3. Які не прыносіць суцяшэння; несуцяшальны. Няўцешныя весткі прыбываюць кожны дзень: Мінск у руінах, фашысцкае войска ідзе па Беларусі. Лужанін.
няўця́м, безас. у знач. вык.
Разм. Незразумела; не прыйшло ў галаву. Якая ж дарога ў яго за плячыма, Якія заслугі — самому няўцям. Гілевіч. Яму было зусім няўцям, Што чалавек вышэй за горы. Свірка.
няўця́мнасць, ‑і, ж.
Разм.
1. Уласцівасць няўцямнага. [Дырэктар] не чакаў такой дзёрзкасці і доўга глядзеў на мяне са здзіўленнем і няўцямнасцю: маўляў, што зрабілася з жанчынай? Шамякін.
2. Што‑н. незразумелае.