латыфу́ндыя, ‑і, ж.
Буйное прыватнае зямельнае ўладанне.
[Лац. latifundium.]
латы́шскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да латышоў, належыць ім. Латышская мова. Латышскі паэт.
латышы́, ‑оў; адз. латыш, ‑а, м.; латышка, ‑і, ДМ ‑шцы; мн. латышкі, ‑шак; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Латвійскай ССР.
латэ́нтны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які знешне не праяўляецца, скрыты. Латэнтны перыяд хваробы.
[Ад лац. latens, latentis — скрыты, нябачны.]
латэра́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які знаходзіцца збоку; бакавы (анатамічны тэрмін, які паказвае на размяшчэнне якога‑н. органа, часткі цела арганізма збоку ад сярэдняй плоскасці цела). Латэральныя зубы.
латэры́т, ‑у, М ‑рыце, м.
Горная парода чырвонага або бурага колеру, падобная на гліну.
[Ад лац. later — цэгла.]
ла́ўка 1, ‑і, ДМ лаўцы; Р мн. лавак; ж.
1. Прыстасаванне для сядзення на некалькі чалавек у выглядзе нешырокай дошкі на слупках або ножках у парку, на вуліцы і г. д. На вуліцы, каля плота, лаўка, на якой вечарамі збіраецца ўся канцавая моладзь. Краўчанка. Маладыя людзі зрабілі круг па скверыку і селі на лаўку. Дамашэвіч.
2. Невялікая лава 1 ў памяшканні. Маці змахнула трапкачом лаўку і сказала: — Сядайце, чаго ж вы ў парозе сталі... Сачанка. На лаўках па баках і пасярэдзіне залы сядзелі і ляжалі пасажыры. Колас. Маша ўвайшла ў хату, паклала сякеру пад лаўку і пачала моўчкі распранацца. Мележ.
3. Прыстасаванне ў вагоне для сядзення або ляжання пасажыраў. [Паходня] без асаблівых прыгод на гэты раз заняў месца ў вагоне на ніжняй лаўцы. Хадкевіч.
4. Разм. Школьная парта. [Павел і Віктар] былі па росту абодва нізенькія хлапчукі, і настаўніца пасадзіла іх на пярэднюю лаўку. Гроднеў.
ла́ўка 2, ‑і, ДМ лаўцы; Р мн. лавак; ж.
Разм. Невялікая гандлёвая ўстанова; невялікі магазін. У Тураве не гандлявала ні адна лаўка, ва ўсіх хатах былі наглуха пазачыняны аканіцы, на вуліцах — ні жывой душы. Сачанка.
лаўка́ч, ‑а, м.
Разм. Пранырлівы чалавек, які ўмее выгадна ўладкоўваць свае асабістыя справы. [Леснічыха:] — Ён з тых лаўкачоў, што ўсюды сваю выгаду знойдуць. Асіпенка.