Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скі́біна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і скіба. Скібіна хлеба. □ З сяўнёю сявец пахаджае, На скібіны валіцца зерне. Купала.

скі́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Памянш. да скіба: невялікі тонкі кавалачак (звычайна хлеба). Складанчыкам адрэзаў [дзед] па скібцы хлеба і па кавалачку сала і падаў сябрам: — Падмацуйцеся, тады з вас і работнікі лепшыя будуць. Рылько. Плуг глыбока ўрэзваўся ў зямлю, кроіў яе на скібкі. Васілевіч.

скі́віца, ‑ы, ж.

1. Кожная з дзвюх костак твару, у якіх умацаваны зубы. Васіль апусціў вочы, старанна запрацаваў сківіцамі, перажоўваючы хлеб. Шамякін. Мікульскі сціснуў сківіцы, каб не застагнаць. Місько. // Верхняя або ніжняя частка твару ці морды, дзе знаходзіцца гэтая косць. Асноўнай зброяй шчупакоў з’яўляюцца вострыя і шматлікія зубы-іклы, якімі літаральна ўсеяны іх ніжнія сківіцы. Матрунёнак. Цялушка, чакаючы, каб яе пачухалі пад сківіцаю, трасе галавою і выцягвае морду. Колас. // Пра шчаку наогул. [Павел] ляжыць ніцма пад ядлоўцавым кустом і, абапёршыся валасатымі сківіцамі на рукі, глядзіць у зямлю. Кулакоўскі.

2. Пласцінка з штучнымі зубамі, зубны пратэз. Камандзір, не вітаючыся, хутка падышоў да мяне і, злосна агледзеўшы з галавы да ног, гаркнуў так, што ледзь не вывалілася ўстаўная верхняя сківіца зубоў. Гурскі. // перан. Дэталь механізма, якая служыць для захоплівання або раздрабнення чаго‑н. Каля Дома афіцэраў два магутныя экскаватары выгрызалі сваімі стальнымі сківіцамі гару. Паслядовіч. Мы спыняемся перад машынай з магутнымі сківіцамі. В. Вольскі.

скі́вічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сківіцы. Сківічная косць. Сківічныя мускулы. // Які звязаны з лячэннем сківіцы. Сківічная аперацыя. Сківічная хірургія.

скід, ‑у, М ‑дзе, м.

У геалогіі — перамяшчэнне часткі горных парод па трэшчыне ў вертыкальным або нахільным кірунку.

скі́давы, ‑ая, ‑ае.

У геалогіі — які ўтварыўся ў выніку скіду. Скідавая трэшчына. Скідавыя горы.

скіда́льнік, ‑а, м.

Спец. Прыстасаванне для скідвання чаго‑н.

скіда́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для скідання чаго‑н. Скідальнае акно.

скіда́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скіда́ць — скінуць і скіда́цца — скінуцца.

скі́даны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скі́даць.