няўме́льства, ‑а, н.
Адсутнасць умення рабіць што‑н., недахоп навыкаў у чым‑н. [Язэп] не налаўчыўся яшчэ працаваць адной рукой, таму нават адзяваўся марудна, злаваў на сваё няўмельства. Асіпенка. Колькі з дня няўмельства і навукі Сцен шурпатыя выгладзілі рукі, колькі засвяцілася муроў. Русецкі.
няўме́ру, прысл.
Разм. Больш, чым трэба, чым патрабуе мера. Росцік Шыпулька, няўмеру худзенькі і вельмі ўжо жвавенькі першакласнік, падказаў тэхнічцы, што гэтыя малыя яшчэ не вучні. Кулакоўскі. [Сабака], відаць, няўмеру асмялеў. Мележ.
няўмо́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць няўмольнага. Мы не здзівіліся ні абыякавасці шафёра да гібелі чалавека, ні жалезнай няўмольнасці гэтага аўтамабільнага канвеера. Лынькоў.
няўмо́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога нельга ўпрасіць; непахісны. Атрахім прабаваў спрачацца, угаворваць старых. Але яны былі няўмольнымі. Навуменка. Ліза была няўмольная, яна патрабавала неадкладна даць згоду на развод. Гурскі. // Які выяўляе, выказвае непахіснасць, цвёрдасць. — Кладзіся! — зноў пачуўся той жа ціхі, але няўмольны голас. Пальчэўскі.
2. перан. Такі, што нельга парушыць; бясспрэчны. Няўмольная логіка. □ [Андрэй:] — На тваё месца мы назначым сюды другога чалавека. Такое наша няўмольнае рашэнне. Пестрак. // Няўхільны, немінучы; бязлітасны. Няўмольны ход часу паклаў свой выразны адбітак на будынкі. С. Александровіч. Няўмольная хвароба настойліва гнала паэта [Багдановіча] з роднай зямлі, на поўдзень. Майхровіч.
няўпра́ўка, ‑і, ДМ ‑праўцы, ж.
Разм. Немагчымасць выканаць, зрабіць усё, што патрэбна; непаладкі ў чым‑н. Вагонаў пятнаццаць, а то і ўсе дваццаць пяць грузіцца [на станцыі] штодня.. Як дзяжурыць бацька на станцыі, дык ужо і цяжкавата, няўпраўка часам бывае. Шынклер. [Лясовіч:] — З камбайнерамі ў нас няўпраўка, прыйшлося паставіць і Амельку і Віцьку. Хадкевіч.
няўпра́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які не можа, не паспявае ўправіцца з кім‑, чым‑н. Цяпер не было боепрыпасаў, і Клямт .. думаў пра бой з трывогаю, лаючы ў душы тылавых службістаў і няўпраўных генералаў, якія не маглі ў свой час пра гэта паклапаціцца. Мележ.
няўпы́нны, ‑ая, ‑ае.
Такі, што не спыняецца; бесперапынны. Няўпынным звонам зноў загудзела ўвушшу ляное, беспарадкавае мыканне статка. Мыслівец.
няўпэ́ўненасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан няўпэўненага; адсутнасць упэўненасці. Няўпэўненасць у сваіх сілах. □ Усё неяк адразу стала на сваё месца. Знікла адчуванне адзіноты, няўпэўненасці, смутку. Асіпенка.