усплёск, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. усплёскваць — усплёснуць і усплёсквацца — усплёснуцца.
2. Узнятая хваля, а таксама гук, шум, які яна ўтварае. Хвалі беглі на бераг, злізвалі прыбярэжную пену, шумавінне, усплёскамі кідаліся на жоўты пясок. Лынькоў. У гэты ж момант пачуўся ўсплёск: шчупак выскачыў з вады і хапіў блешню. Ігнаценка. / у перан. ужыв. І кожны чалавек шукае ў гэтым віры колераў маленькі, свой усплёск радасці. Сіпакоў.
усплёскванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. усплёскваць — усплёснуць і усплёсквацца — усплёснуцца.
усплёсквацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да усплёснуцца.
2. Зал. да усплёскваць.
усплёскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да усплёснуць.
усплёснуцца, ‑нецца; зак.
Плёснуцца, з шумам падняцца ўверх (пра ваду). Усплёснуліся хвалі.
усплёснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.
Плёснуць, з шумам узняць уверх (ваду, вадкасць).
усплыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. усплываць — усплысці, усплыць.
усплыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да усплысці, усплыць.
усплы́сці і усплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. усплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.
1. Узняцца з глыбіні вады на паверхню. Бервяно з разгону ўдарылася ў човен і перакуліла яго. Захарка і Уладзік апынуліся ў бурлівай рацэ. Першым усплыў на паверхню Уладзік. Сіняўскі. Вось звер усплыў, але тут жа прагучаў стрэл, і морж знік з вачэй разам з паплаўком. Бяганская. // Паказацца, з’явіцца. Над морам, над цёплым узбярэжжам, над садам усплыў месяц — вялікі, белы, ясны. Лось. З-за лесу ўсё вышэй уставала сонца. Калючы, яшчэ халодны шар яго ўсплыў над вершалінамі і, нібы здзіўлены, на імгненне застыў на месцы. Хадановіч. / у перан. ужыв. З лагчыны ў туманным хмызе Усплыў нейкі дзіўны гук — Быццам там З-пад лядка прабіўся І забулькаў у лозах Раўчук... Арочка. Скора, скора з выраю, З цёплага паўдня, З песняй жураўлінаю Ўсплыве вясна. Кляшторны. // перан. Паўстаць, з’явіцца ў памяці, думках і пад. Нешта далёкае, даўно забытае ўсплыло і трывожна затрымцела ў маёй душы. Палтаран. Па дарозе зноў у думках усплыло мінулае. Дуброўскі.
2. перан. Стаць вядомым, выкрыцца, выявіцца. Зноў усплыло гэта пытанне. □ Нарэшце й Жору, акрамя Дачкі, Фаміч меў на прыкмеце. Вось так Супонькава імя Усплыло, вядомым стала ў свеце. Бачыла.
•••
Усплысці (усплыць) наверх (на паверхню) — тое, што і выйсці наверх (на паверхню) (гл. выйсці).
успо́мнены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад успомніць.