усплысці і усплыць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. усплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.
1. Узняцца з глыбіні вады на паверхню. Бервяно з разгону ўдарылася ў човен і перакуліла яго. Захарка і Уладзік апынуліся ў бурлівай рацэ. Першым усплыў на паверхню Уладзік. Сіняўскі. Вось звер усплыў, але тут жа прагучаў стрэл, і морж знік з вачэй разам з паплаўком. Бяганская. // Паказацца, з’явіцца. Над морам, над цёплым узбярэжжам, над садам усплыў месяц — вялікі, белы, ясны. Лось. З-за лесу ўсё вышэй уставала сонца. Калючы, яшчэ халодны шар яго ўсплыў над вершалінамі і, нібы здзіўлены, на імгненне застыў на месцы. Хадановіч. / у перан. ужыв. З лагчыны ў туманным хмызе Усплыў нейкі дзіўны гук — Быццам там З-пад лядка прабіўся І забулькаў у лозах Раўчук... Арочка. Скора, скора з выраю, З цёплага паўдня, З песняй жураўлінаю Ўсплыве вясна. Кляшторны. // перан. Паўстаць, з’явіцца ў памяці, думках і пад. Нешта далёкае, даўно забытае ўсплыло і трывожна затрымцела ў маёй душы. Палтаран. Па дарозе зноў у думках усплыло мінулае. Дуброўскі.
2. перан. Стаць вядомым, выкрыцца, выявіцца. Зноў усплыло гэта пытанне. ▪ Нарэшце й Жору, акрамя Дачкі, Фаміч меў на прыкмеце. Вось так Супонькава імя Усплыло, вядомым стала ў свеце. Бачыла.
•••
Усплысці (усплыць) наверх (на паверхню) — тое, што і выйсці наверх (на паверхню) (гл. выйсці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)