Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ссука́ць, ссучу, ссучаш, ссуча; зак., што.

1. Звіць, скруціць некалькі нітак у адну.

2. Зрабіць, падрыхтаваць што‑н. суканнем. Насвістваючы «Трансвааль, Трансвааль», выкраіў [Амелька] па шаблону халявы і перады, ссукаў і навашчыў дратву. Жычка.

ссу́квальны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які служыць для ссуквання. Ссуквальная машына.

ссу́квальшчык, ‑а, м.

Спец. Рабочы тэкстыльнай вытворчасці, заняты ссукваннем нітак.

ссу́квальшчыца, ‑ы, ж.

Спец. Жан. да ссуквальшчык.

ссу́квацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да ссукацца.

2. Зал. да ссукваць.

ссу́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да ссукаць.

ссумава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак., па кім-чым і без дап.

Разм. Сумуючы, змучыцца, стаміцца. [Вася:] — Я без вагання аддаў бы ўсё, што было ў мяне,.. абы я толькі мог паглядзець .. [Зіне] у вочы і ўбачыць, што яна таксама ссумавалася па мне. Гаўрылкін. Ссумаваўся Макар па Закружжы, па маці, па вечарынках, ды што граху таіць, і па Еве. Асіпенка.

ссу́нуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ссунуць.

2. у знач. прым. Набліжаны адзін да другога. На [дзвюх] ссунутых лаўках, там, дзе звычайна стаіць стол, ляжала Таня. Шамякін. // Насуплены, нахмураны (пра бровы). Ссунутыя бровы, маршчакі на лбе і нейкі шкляны бляск вачэй столькі выказвалі болю душы, што Ахтан баяўся паварушыцца. Алешка.

ссу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зрушыцца з месца, перамясціцца, спусціцца куды‑н. Ваня неахвотна ссунуўся з куфра, папаў нагамі ў галёшы, пашлёпаў. Карпюк. На досвітку ссунуўся [Даніла] з печы, пачаў хадзіць з кута ў кут па хаце. Кулакоўскі. [Сяргей Карага] ціхенька ссунуўся з мяжы ў разору. Колас. Нічога не гаворачы, Сымон закруціўся ў світку і па сыпкім снезе з ехаў пад мост, Амяллян следам пусціў пілу і ссунуўся сам. Грахоўскі. // Сунучыся, з’ехаць набок. Калоды ссунуліся на адзін бок, і сані збілі з ног Данілу. Пальчэўскі. // Ідучы, едучы, трапіць куды‑н. Ідзеш, ідзеш па вуліцы і раптам ссунешся ў яр. Лужанін. Адна машына ссунулася колам у кювет, стаяла нахіліўшыся. Мележ.

2. Сунучыся, упасці адкуль‑н., з чаго‑н. Чарапіца з хрыбта страхі, відаць, ад выбуху, ссунулася. Алешка.

3. Рухаючыся, наблізіцца. Дзеці ссунуліся цясней адзін да другога. // Насупіцца, нахмурыцца (пра бровы). Але вось за акном з’явіліся руіны — сляды нядаўняй вайны, і твар таты спахмурнеў, сурова ссунуліся бровы. Бяганская.

4. Расслабіўшыся, з’ехаць, спаўзці ўніз, набок. Капюшон плашча ў вартавога ссунуўся з галавы, і Нова з радасцю пазнаў салдата Азёрнага. Хомчанка. Хустка яе ссунулася на вочы, і Арына нічога не бачыла, акрамя ступы і жоўтых у ёй кіяхоў. Ракітны. Вінты з раненай рукі ссунуліся ўніз,.. [Зыгмунт Асядовіч] гэтага не заўважыў. Чорны.

ссу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Зрушыць, скрануць што‑н. Людзі ўсталі, Сталы з месца ссунулі. Калачынскі. // Скрануць з прызначанага месца. Ссунуць акуляры на лоб.

2. Сунучы, скінуць што‑н.; перамясціць. Ссунуць снег са страхі. □ Скончыўшы наразаць,.. [Кашын] акуратна нажом ссунуў селядца на вузкую даўгаватую талерку, паглядзеў так-гэтак, паправіў. Карпаў. // Сунучы, спусціць на ваду. Я ссунуў байдарку з пясчанай водмелі і паплыў па забалочанай рачулцы туды, дзе яна зліваецца з Пінай. В. Вольскі. // Зняць што‑н. Пры калёсах корпаецца дзядзька Ігнат. Ссунуў кола і шчодра і клапатліва, нібы масла на хлеб, намазвае на вось каланіцу. Хадановіч.

3. Сунучы, зграбаючы, сабраць у адно месца. Хлопцы і дзяўчаты яшчэ цясней ссунулі вакол Міколы скрыні, на якіх сядзелі. Новікаў. // Адсунуць што‑н. Тым часам жанчына ссунула з краю стала абрус, паклала некалькі лустак хлеба, драўляную лыжку, пачала даставаць з печы чыгун. Бураўкін.

4. Перамясціць (пра галаўны ўбор). Дзед Талаш ссунуў з ілба шапку, нібы яна замінала яму думаць. Колас. Аксіння Хвядосаўна энергічна ссунула з галавы хустку. Шамякін. На хвілінку спыніўся [Валюжынец], глянуў, .. ссунуў на патыліцу шапку, махнуў рукой і павярнуў у праўленне. Б. Стральцоў. // Зняць з сябе што‑н. зусім або не поўнасцю (пра адзенне, абутак). Ссунуць з ног боты. □ Было пакутна і балюча, і ўсё ж ён [Сотнікаў], расшпіліўшы, ссунуў да каленяў таксама скрываўленыя штаны. Быкаў.

5. Рухаючы, наблізіць адзін да другога. Тады Баран унёс «рацыяналізатарскую прапанову»: усім сесці на канапе, а замест стала ссунуць дзве табурэткі. Дамашэвіч. // Насупіць, нахмурыць (пра бровы). Колька падставіў пад буйныя кроплі свой кірпаты вяснушкаваты тварык, ссунуў бровы. Грахоўскі. Ссунуў чорныя бровы, Суровыя бліснулі вочы: — Я на вецер, — адрэзаў ён, — словы Кідаць не ахвочы. Куляшоў.