ссунуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Зрушыць, скрануць што‑н. Людзі ўсталі, Сталы з месца ссунулі. Калачынскі. // Скрануць з прызначанага месца. Ссунуць акуляры на лоб.
2. Сунучы, скінуць што‑н.; перамясціць. Ссунуць снег са страхі. ▪ Скончыўшы наразаць,.. [Кашын] акуратна нажом ссунуў селядца на вузкую даўгаватую талерку, паглядзеў так-гэтак, паправіў. Карпаў. // Сунучы, спусціць на ваду. Я ссунуў байдарку з пясчанай водмелі і паплыў па забалочанай рачулцы туды, дзе яна зліваецца з Пінай. В. Вольскі. // Зняць што‑н. Пры калёсах корпаецца дзядзька Ігнат. Ссунуў кола і шчодра і клапатліва, нібы масла на хлеб, намазвае на вось каланіцу. Хадановіч.
3. Сунучы, зграбаючы, сабраць у адно месца. Хлопцы і дзяўчаты яшчэ цясней ссунулі вакол Міколы скрыні, на якіх сядзелі. Новікаў. // Адсунуць што‑н. Тым часам жанчына ссунула з краю стала абрус, паклала некалькі лустак хлеба, драўляную лыжку, пачала даставаць з печы чыгун. Бураўкін.
4. Перамясціць (пра галаўны ўбор). Дзед Талаш ссунуў з ілба шапку, нібы яна замінала яму думаць. Колас. Аксіння Хвядосаўна энергічна ссунула з галавы хустку. Шамякін. На хвілінку спыніўся [Валюжынец], глянуў, .. ссунуў на патыліцу шапку, махнуў рукой і павярнуў у праўленне. Б. Стральцоў. // Зняць з сябе што‑н. зусім або не поўнасцю (пра адзенне, абутак). Ссунуць з ног боты. ▪ Было пакутна і балюча, і ўсё ж ён [Сотнікаў], расшпіліўшы, ссунуў да каленяў таксама скрываўленыя штаны. Быкаў.
5. Рухаючы, наблізіць адзін да другога. Тады Баран унёс «рацыяналізатарскую прапанову»: усім сесці на канапе, а замест стала ссунуць дзве табурэткі. Дамашэвіч. // Насупіць, нахмурыць (пра бровы). Колька падставіў пад буйныя кроплі свой кірпаты вяснушкаваты тварык, ссунуў бровы. Грахоўскі. Ссунуў чорныя бровы, Суровыя бліснулі вочы: — Я на вецер, — адрэзаў ён, — словы Кідаць не ахвочы. Куляшоў.