Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няўла́джаны, ‑ая, ‑ае.

Не забяспечаны ўсім неабходным. Пасля нядоўгага адпачынку ў партызанскім лагеры паходнае жыццё наша здаецца яшчэ больш няўладжаным. Дзенісевіч.

няўло́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўлоўнага. Няўлоўнасць звера.

няўло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога цяжка злавіць, застаць дзе‑н. Царскія памагатыя збіліся з ног, шукаючы патайную друкарню, няўлоўнага і загадкавага Яську — гаспадара з-пад Вільні. С. Александровіч.

2. Ледзь прыкметны; няясны. Няўлоўны рух. □ [Ермакоў] пачуў няясны, няўлоўны тонкі гул, які то ўзнікаў, то прападаў. Мележ. Цеплыня, але нейкі няўлоўны подых восені чуецца навокал. С. Александровіч.

няўме́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑мецы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Няўмелы, няздатны да работы чалавек. У няўмекі [інструмент] будзе ў непарадку і без догляду. У здатнага — у пашане і спраўнасці. Шкраба. [Механік] зразумеў, што Станіслаў Вярбіцкі знарок прыкідваецца няўмекам. Чарнышэвіч. У няўмекі рукі калекі. Прыказка.

няўме́ласць, ‑і, ж.

Тое, што і няўмельства.

няўме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які дрэнна, без умення выконвае сваю працу. І вось — адзін уніз імкне, Ляціць так лёгка, нібы ў сне, За ім — аж група цэлая. І не шанцуе толькі мне: Валюся ў снег, няўмелы, я. Кірэенка. // Які выяўляе няўменне рабіць што‑н., карыстацца чым‑н. Няўмелыя рукі.

2. Які робіцца без належнага ўмення. Разгубіўшыся, Таццяна рабіла няўмелыя і няўдалыя спробы супакоіць дзіця. Шамякін.

няўме́льства, ‑а, н.

Адсутнасць умення рабіць што‑н., недахоп навыкаў у чым‑н. [Язэп] не налаўчыўся яшчэ працаваць адной рукой, таму нават адзяваўся марудна, злаваў на сваё няўмельства. Асіпенка. Колькі з дня няўмельства і навукі Сцен шурпатыя выгладзілі рукі, колькі засвяцілася муроў. Русецкі.

няўме́нне, ‑я, н.

Тое, што і няўмельства.

няўме́ру, прысл.

Разм. Больш, чым трэба, чым патрабуе мера. Росцік Шыпулька, няўмеру худзенькі і вельмі ўжо жвавенькі першакласнік, падказаў тэхнічцы, што гэтыя малыя яшчэ не вучні. Кулакоўскі. [Сабака], відаць, няўмеру асмялеў. Мележ.

няўмо́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няўмольнага. Мы не здзівіліся ні абыякавасці шафёра да гібелі чалавека, ні жалезнай няўмольнасці гэтага аўтамабільнага канвеера. Лынькоў.