Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

няспра́ўджаны, ‑ая, ‑ае.

Які не спраўдзіўся, не збыўся. Няспраўджаная задума. Няспраўджаныя мары.

няспра́ўнасць, ‑і, ж.

Стан няспраўнага; пашкоджанне чаго‑н. Няспраўнасць тэлевізара. □ Павел параіў хлопцам схадзіць дадому павячэраць і вярнуцца, пакуль ён будзе шукаць няспраўнасць у маторы. Гроднеў.

няспра́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае пашкоджанні; сапсаваны. Прыёмнік быў няспраўны. Новікаў. — Ламачына, а не малатарня. Ды к таму і прывод няспраўны, — злосна буркнуў Бабейка. Хадкевіч.

2. Неакуратны, нядобрасумленны ў выкананні сваіх абавязкаў, даручэнняў і пад. Няспраўны плацельшчык.

няспры́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няспрытнага. Сабіна глядзела на мужа, і брала яе зайздрасць. Яна нават крыху злавала на сваю няспрытнасць у.. грыбной справе. Сабаленка.

няспры́тны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае спрыту ў рухах; непаваротлівы, нялоўкі. Загрубелыя і няспрытныя пальцы .. [Аксёна] з намаганнем трымалі асадку, сціскаючы яе, як абцугамі. Колас. Без работы .. [Цімох] быў марудны, няспрытны, а на працы, калі яна прыходзілася яму па душы, кіпеў. Савіцкі.

няспы́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць няспыннага. [Прыгажосць] зачароўвала, напаўняла адчуваннем няспыннасці руху, нараджала простую і зразумелую ўрачыстасць у душы. Шамякін.

няспы́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што адбываецца бесперастанку, без перарыву; які не спыняецца. Няспынныя грымоты разлягаліся над горадам... Якімовіч. Люблю раку за рух няспынны, А зоры — за іх вечны бляск. Прануза.

2. Які рухаецца суцэльнай паласой. Няспыннаю ракою цёк па-святочнаму ўбраны натоўп. Паслядовіч. Калона ўсё лілася, Няспынны быў паток. Бялевіч.

няста́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан нясталага. У Ірыніным характары заўважалася нясталасць. Сапрыка. Хацелася патрапіць бліжэй да трыбуны, каб бачыць, чуць усё, і.. [Кіра, Лёдзя, Пракоп] пабеглі, саромеючыся сваёй нясталасці. Карпаў.

няста́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не дасягнуў сталасці, поўнага развіцця. Па гэтых сваіх слязах.. [Чыжык] раптам адчуў, якое ён усё ж, па сутнасці, яшчэ дзіця, яшчэ юнак, яшчэ нясталы чалавек, яшчэ падлетак. Лупсякоў.

2. Несур’ёзны, легкадумны. Нясталыя паводзіны. □ [Люба:] — Дык што.. [муж] нясталы чалавек? Пстрыкун? Бесклапотны матыль? Франт? Чорны.

3. Няўстойлівы ў сваіх поглядах, схільнасцях, зменлівы, непастаянны.

няста́ча, ‑ы, ж.

1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці, недахоп. Нястача рабочых. Нястача грошай. □ Баец пачаў задыхацца. Грудзі распірала ад нястачы паветра, — здавалася, вось-вось хрусне горла. Быкаў. Шмат гора давялося перажыць.. [Анастасіі Фамінічне] у першыя гады замужжа. Зямлі мелі мала, і заўсёды ў чым-небудзь была нястача. Сіняўскі.

2. Недастача грошай, тавараў, выяўленая пры праверцы магазіна, установы і пад. Калі ў краме ёсць нястача, Дык «усушка» там няйначай. Крапіва. Правяраючы касу, Зіна выявіла нястачу. Васілёнак.

3. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; беднасць. Васіль .. чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлеба і прыйдзе да яго. Колас. Мой край па царскаму закону Быў краем гора і нястач. Астрэйка.