Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нязло́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга перамагчы, знішчыць; вельмі моцны. Няхай грыміць па белым свеце слава Пра шчасце мірнае, пра Новы год, Пра родную савецкую дзяржаву, Пра мужны і нязломны наш народ. Астрэйка. Ішлі мы ў маршах агнявых Нязломнай грознай сілай. Хведаровіч.

2. перан. Стойкі, цвёрды ў перакананнях, намерах і пад. Фучык сціснуў карандаш да болю, Ён маўчыць, нязломны камуніст. Ляпёшкін. // Які выражае цвёрдасць, стойкасць. Нязломная вера. □ [Вольга:] — А пра Буралома я табе дам знаць. Гэта — правакатар. Такое маё нязломнае перакананне. Пестрак.

нязло́сны, ‑ая, ‑ае.

Не схільны да злосці; добры. Нязлосны чалавек. // Які не выражае злосці. Нязлосная іронія. □ Голас у жанчыны абыякавы, нязлосны — відаць, прызвычаілася да позніх наведвальнікаў. Навуменка.

нязме́нлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нязменлівага. Нязменлівасць пачуццяў.

нязме́нлівы, ‑ая, ‑ае.

Які не мяняецца, не можа змяніцца; пастаянны. Нязменлівыя адносіны.

нязме́нна, прысл.

Заўсёды, пастаянна. Я прапаную тост за Час! за Час, працуе што на нас настойліва, сумленна, нястомна і нязменна! Вярцінскі.

нязме́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нязменнага.

нязме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які не змяняецца, не можа быць зменены; пастаянны. Нязменныя прынцыпы.

2. Заўсёдны, звычайны для каго‑, чаго‑н., заўсёды аднолькавы. Сваю нязменную спадарожніцу плашч-палатку трымаў [Сагура] на плячы. Ракітны. У зубах сенатара — нязменная цыгара, на галаве — чорны фетравы капялюш, у руках — сукаватая масіўная палка. Гамолка. Таго, хто выходзіць з аўдыторыі,.. сустракаюць нязменным пытаннем: — Ну як? Шахавец.

3. Такі, якога не зменьваюць. Андрэй Паўловіч вось ужо колькі год — нязменны дэпутат сельскага Савета. Шыловіч.

4. У граматыцы — часціны мовы, якія не маюць форм скланення і спражэння.

нязме́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нязмернага; неабдымнасць. Нязмернасць прастораў.

нязме́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца вымярэнню; неабдымны. Ходзіць сонца У нязмернай шыры, Мерыцца нырнуць У пену хваляў. Хведаровіч.

2. перан. Незвычайна глыбокі, моцны (пра пачуцці). Ніхто ж дагэтуль не знайшоў, Чым вымераць нам да Радзімы Сваю нязмерную любоў. Непачаловіч.

нязмо́ўчны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і несціханы (у 1 знач.). Добра спіцца пад грукат нязмоўчнага млын[а]. Зарэцкі. Над палямі — жаўранкі нязмоўчныя, Над дубровамі — зялёны дым. Гілевіч.